Каб хоць не падаражэла: Беларусь і "Газпрам" зноў гавораць пра цану на газ

Газаправод / БЕЛТА
Газаправод / БЕЛТА

Канец года традыцыйна суправаджаецца перамовамі ўрада Беларусі з "Газпрамам" пра пастаўкі расійскага газу. Звычайна афіцыйны Мінск наракае, што Беларусь плаціць занадта шмат. І настойвае на ўнутрырасійскіх цэнах — "як у Смаленску".

Аднак днямі старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што цана расійскага газу для Беларусі ў 2021 годзе не будзе вышэйшая за цану гэтага года — 127 долараў за тысячу кубаметраў. Значыць, цяпер наш урад нават не разлічвае на зніжку, а працуе над тым, каб газ, крый божа, не падаражэў?

Таямніца за крамлёўскімі сценамі

"З заяў Мясніковіча, як я іх зразумеў, вынікае, што танней, чым сёлета, не будзе, — расказвае Еўрарадыё эканамічны эксперт Вадзім Іосуб. — А ці будзе столькі ж або даражэй — тут яшчэ яснасці няма. Рабіць прагнозы па цэнах на газ (і па цэнах на нафту) немагчыма, таму што перамовы абсалютна непублічныя. Торг абсалютна непублічны".

Іосуб нагадвае пра закрытасць леташніх перамоў па інтэграцыйных пытаннях:

"Так, напрыклад, было летась, калі, з аднаго боку, не адразу, але з часам стала зразумела, што Расія ўвязвае пытанне з цэнамі на энерганосьбіты з дарожнымі картамі [па паглыбленні інтэграцыі], але дэталі гэтых дарожных картаў так і не былі вядомыя. Былі асобныя ўцечкі, але ў цэлым беларускаму грамадству іх ніхто не дакладваў. Цяпер сітуацыя тая самая. Расія згадвае нейкія абяцанні Лукашэнкі, дадзеныя ў Сочы. Што гэта за абяцанні, мы не ведаем. І ў выніку торг будзе будавацца вось вакол выканання або невыканання абяцанняў, невядомых народу Беларусі".

"Калі пачынаць спрэчкі, то для Беларусі гэта ўсё можа выйсці ўсё даражэй"

На думку беларускага эксперта ў галіне энергетыкі Таццяны Манёнак, 127 долараў за тысячу кубаметраў — прымальная для Беларусі цана.

"Трэба разумець, што Беларусь у прынцыпе ў апошнія гады атрымлівала расійскі газ па самай нізкай цане на постсавецкай прасторы. 127 долараў — гэта нават не цана, зыходзячы з той формулы, на якую бакі дамаўляліся, калі падпісвалі пагадненне. Гэта — проста фіксаваная цана. Калі пазіцыя "Газпрама" і настрой Расійскай Федэрацыі будзе скарэктаваны ў адносінах да цяперашняй улады Беларусі, то "Газпрам", зыходзячы з формулы, можа падняць цану.

Дзесьці на пачатку года, зыходзячы з таго, што цана нафты на сусветным рынку была каля 45-50 долараў, зыходзячы з гэтай формулы, цана газу для Беларусі магла б дасягаць 150 долараў за тысячу кубаметраў. Таму, калі рынак нафты не абрынецца, то цана на газ 127 долараў — цалкам прымальная. А цэны на газ, яны, вядома, прывязаныя да рынку нафты. Калі пачынаць спрэчкі па цане нафты, то для Беларусі гэта ўсё можа выйсці ўсё даражэй. Для Беларусі было б найлепшае выйсце: пралабіраваць гэту цану [127 долараў].

"Выкручваць рукі пакупніку і прызначаць заведама непад'ёмныя цэны — гэта не па-рынкаваму"

Расійскі эканамічны аналітык Міхаіл Круціхін прагназаваць цану газу для Беларусі не бярэцца: гэта пытанні палітыкі, а не эканомікі.

"Калі б я быў на месцы "Газпрама" як камерцыйнай кампаніі, то я б, вядома, паводзіў бы сябе так, як любая іншая кампанія — пастаўшчык газу ў Еўропе. Першае: трэба захаваць рынкавую нішу. Калі Беларусь як даўні кліент гатовая браць пэўныя аб'ёмы газу, то выкручваць рукі пакупніку і прызначаць заведама непад'ёмныя цэны — гэта не па-рынкаваму.

Трэба ўзяць цэны, па якіх пастаўляецца газ у найбліжэйшыя расійскія тэрыторыі, трохі, магчыма, падняць іх пад выглядам таго, што гэта ўсё-ткі хай і бяспошлінны, але экспарт. Але прадаваць газ па такой цане, якая была б рэальная для аплаты пакупнікамі. Гэта камерцыйныя меркаванні. Аднак паколькі тут умешваюцца палітычныя матывы, то ніхто не ведае, як тут будзе паводзіцца "Газпрам". Ён тут інструмент палітыкі", — кажа Круціхін.

Амбасадар РФ у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў раней заяўляў, што калі Беларусь хоча зніжку на газ у 2021 годзе, то Крэмль мае права чакаць зніжак у адказ на беларускія тавары. Мезенцаў таксама адзначыў, што перспектыва "рэалізацыі саюзных праграм эканамічнай інтэграцыі" залежыць ад таго, наколькі Мінск гатовы да "саюзнага будаўніцтва".

"Думаю, што Беларусь у найбліжэйшы час не атрымае ніякіх зніжак без нейкіх сур'ёзных інтэграцыйных крокаў", — рэзюмуе Таццяна Манёнак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі