Сыны Пуціна і Кабаевай жывуць у ізаляцыі — "Дасье"
З'яілася расследаванне пра сыноў Пуціна
З'явілася расследаванне цэнтра "Дасье" пра меркаваных сыноў Уладзіміра Пуціна і Аліны Кабаевай. Івану 9 гадоў, а Уладзіміру — 5. Аўтары расследавання спасылаюцца на крыніцу з абслуговаючага персаналу, якая працуе ў рэзідэнцыях Пуціна. Адзначаецца, што гэты аповед удалося верыфікаваць з дапамогай публікацый у сацыяльных сетках, банкаўскіх выпісак і даных з дзяржаўных баз.
Дзеці Пуціна і Кабаевай жывуць пераважна ў рэзідэнцыі на Валдаі, маюць дакументы прыкрыцця, знаходзяцца пад аховай Федэральнай службы аховы, перамяшчаюцца на прыватных самалётах, яхтах і аўтамабілях з аховай. Школы і дзіцячыя садкі хлопчыкі не наведвалі — у іх ёсць спецыяльныя гувернёры, няні, настаўнікі (настаўнікам англійскай мовы плацяць 7700 еўра за месяц працы), трэнеры, але яны не могуць пакідаць тэрыторыю рэзідэнцыі. Педагогі не маюць зносін з бацькамі дзяцей наўпрост, прымаючы распараджэнні ад іншых асоб.
Са старэйшым сынам па вечарах Уладзімір Пуцін гуляе у хакей. Для гэтага ў рэзідэнцыі на Валдаі пабудавалі хакейную пляцоўку. Калі там і з'яўляюцца іншыя дзеці, то яны прыязджаюць з сябрамі Аліны Кабаевай.
Пуцін ніколі не прызнаваў, што ў яго ёсць малыя дзеці. Але нядаўна заявіў, што малодшыя члены яго сям’і валодаюць кітайскай мовай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.