Пашпарт Новай Беларусі не мае юрыдычнай сілы — кіраўнік МУС Літвы

Пашпарт Новай Беларусі / прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Афіцыйная Вільня нават не разглядае пытанне аб прызнанні пашпарта Новай Беларусі, падрыхтаванага па ініцыятыве лідараў беларускіх дэмакратычных сілаў. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч. На яго думку, гэтыя дакументы маюць выключна сімвалічны характар.
"Такога пытання — прызнаваць ці не прызнаваць — нават не стаяла. Пытанне заключалася ў тым, ці могуць грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца цяпер у Літве, мець законныя падставы для перабывання ў нашай краіне або перамяшчэння па Еўрасаюзе. У іх ёсць такія магчымасці", — цытуе Delfi выказванне літоўскага чыноўніка.
У сераду прайшло закрытае пасяджэнне камітэта Сейма па замежных справах, на якім абмяркоўвалася сітуацыя з пашпартам Новай Беларусі.
Па яго выніках Кандратовіч паведаміў журналістам, што МУС разглядае адпаведнасць пашпарта як дакумента: "Аднак на гэты момант мы не бачым для гэтага падстаў — мы б не маглі прызнаць яго ні дакументам, на падставе якога выдаваліся б часовыя віды на жыхарства ў Літоўскай Рэспубліцы, ні праязным дакументам, ні пашпартам замежніка".
Міністр заявіў, што не ведае, навошта патрэбныя такія пашпарты, і прапанаваў спытацца ў ініцыятараў. "Можа быць, яны хочуць ідэнтыфікаваць сябе як супольнасць", — выказаў ён меркаванне.
На мінулым тыдні Марыюс Гудэлайціс, які ўзначальвае Беларускі пашпартны цэнтр, паведаміў, што заяўку на пашпарт Новай Беларусі можна будзе падаць з 26 студзеня. Пры гэтым ён дадаў, што статус пашпарта як дакумента яшчэ нікім не прызнаны. Гэтыя заявы раскрытыкаваў былы кіраўнік праекта Валерый Кавалеўскі.
У Літве некаторыя дэпутаты Сейма ад кансерватыўнай партыі звярнуліся ў МЗС, бо ім не спадабалася "Пагоня" на беларускім дакуменце. Яны называюць гэты герб "Віціс" і лічаць, што ён належыць толькі Літве. Палітыкі заклікалі прыняць меры супраць меркаванага выкарыстання сімвалаў літоўскай дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.