Продажам чаргі на візу займаліся людзі, блізкія да амбасады Італіі

У амбасадзе Італіі выявілі махлярства і продаж чаргі на візу, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Людзі, блізкія да італьянскай амбасады ў Мінску, займаліся махлярствам і прадавалі чаргу на атрыманне візы. Пра гэта амбасада паведаміла ў сваім акаўнце на Фэйсбуку.
"Амбасада Італіі выявіла, што некаторыя знаёмыя асобы займаюцца махлярствам і прадаюць запісы на атрыманне візаў", — гаворыцца ў допісе.
Дыпламатычныя супрацоўнікі прызнаюцца, што гэты інцыдэнт для іх вельмі крыўдны: "Гэты выпадак з'яўляецца асабліва непрыемным, бо зыходзіць ад асоб, якія карысталіся даверам амбасады".
Дыпламаты абяцаюць перадаць інфармацыю кампетэнтным органам Італіі. У амбасадзе нагадваюць, што гарантавана атрымаць візу можна пры выкананні візавых патрабаванняў. А всь продаж чаргі на візу — гэта злачынства, якое цягне за сабой адпаведную адказнасць.
Як расказвала Еўрарадыё, з 7 студзеня візавы цэнтр Італіі прыпыніў рэгістрацыю па жывой чарзе на нявызначаны час. Прычына такога рашэння не называлася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.