Расія можа напасці на ЕС у 2028 годзе — Кая Калас

Кая Калас перасцерагае наконт расійскай агрэсіі супраць ЕС / AP
Расія можа напасці на краіны Еўрасаюза ў 2028 годзе. Пра гэта Вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах Кая Калас заявіла на канферэнцыі Еўрапейскага абароннага агенцтва.
Калас спаслалася на звесткі разведслужбаў. "Многія нашы нацыянальныя разведвальныя службы перадаюць нам інфармацыю пра тое, што Расія можа праверыць абаронную гатоўнасць ЕС праз тры-пяць гадоў. Еўрасаюз павінен не толькі траціць грошы на прадухіленне вайны, але і рыхтавацца да яе", — перадае "Еўраньюс" яе словы.
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі паведаміла, што ў 2024 годзе краіны Еўрасаюза выдаткоўвалі на абарону ў сярэднім 1,9% ВУП, у той час як Расія — 9%. На яе думку, гэта быў сігнал агрэсару пра слабаць Еўропы.
Таксама Калас заявіла, што Расія за тры месяцы можа вырабіць больш зброі і боепрыпасаў, чым 27 краін блока ў сукупнасці за 12 месяцаў. Яна падтрымала Трампа, які казаў, што ЕС недастатковы грошай вылучае на абарону.
Калас падкрэсліла, што Украіна, стрымліваючы Расію, выйграе час для Еўрасаюза.
Раней пра пагрозу расійскага нападу заявіў генсакратар NATO Марк Рутэ. Паводле яго, Еўропе варта чакаць расійскага нападу праз чатыры-пяць гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.