Еўрасаюз увядзе пошліны ў адказ на тавары з ЗША на суму 26 мільярдаў еўра

Сцягі ЗША і Еўрасаюза, ілюстрацыйнае фота / atlanticcouncil.org
Еўрасаюз адкажа на гандлёвую вайну, якую пачаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Ён увёў тарыфы ў 25% на ўвесь імпарт сталі і алюмінія, яны набылі моц 12 сакавіка.
У адказ ЕС увядзе пошліны на тавары з ЗША на суму 26 мільярдаў еўра, вырашыла Еўракамісія. Гэтая мера пачне дзейнічаць з 1 красавіка, перадае Бі-Бі-Сі. Ад красавіка Еўракамісія адменіць прыпыненне пошлін на амерыканскія тавары. Гэтыя тарыфы закранаюць самую разнастайную прадукцыю — ад лодак да бурбона і матацыклаў.
Таксама ў Еўрасаюзе пачнуцца двухтыднёвыя кансультацыі для выбару іншых катэгорый тавараў. Пад новыя абмежаванні трапяць тавары коштам каля 18 мільярдаў еўра. Пошліны прапануецца ўвесці супраць такіх прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў, як сталь і алюміній, тэкстыль, бытавая тэхніка, пластмаса, птушка, ялавічына, яйкі, малочныя прадукты, цукар і гародніна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.