У Грэнландыі — парламенцкія выбары

У Грэнландыі выбары

У Грэнландыі выбары / ЕРА

У Грэнландыі ў аўторак праходзяць парламенцкія выбары. Раней выбары на самым вялікім востраве Зямлі з насельніцтвам усяго 60 тысяч чалавек не хвалявалі астатнія 8 млрд жыхароў планеты. Аднак сёлета ўсё змянілася. Да галасавання ў Грэнландыі прыкавана ўвага, паколькі па волі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа яна апынулася яблыкам разладу паміж Злучанымі Штатамі і іх галоўным саюзнікам — Еўропай, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Трамп гатовы купіць або нават забраць сілай аўтаномную арктычную тэрыторыю Даніі (чальца ЕС і саюзніка ЗША ў NATO). Яго вабіць абароннае і эканамічнае значэнне вострава — праз Грэнландыю пралягае самы кароткі шлях з Еўропы ў Паўночную Амерыку, яе нетры багатыя карыснымі выкапнямі (праўда, здабыць іх нялёгка — больш за 80% тэрыторыі вострава пакрыта лёдам).

Большасць у парламенце Грэнландыі маюць прыхільнікі незалежнасці ад Даніі, але з рэферэндумам яны не спяшаюцца. Пра незалежнасць пакуль толькі гавораць. Паводле апошніх апытанняў, за незалежнасць выступаюць больш за 80% жыхароў вострава, аднак на "развод без утрымання" гатовыя менш за палову. Данія аплачвае бясплатную адукацыю і ахову здароўя (штогод пералічваецца амаль 600 мільёнаў еўра), адказвае за абарону і знешнюю палітыку.

Цяперашнія ўлады Грэнландыі абяцаюць "у свой час" правесці рэферэндум аб незалежнасці ад Даніі. Аднак трапляць у залежнасць ад ЗША (асабліва пры прэзідэнце Дональдзе Трампе), грэнландцы не хочуць, адзначае выданне. А пакуль улады занепакоеныя дэзінфармацыяй у сацсетках і пагрозай подкупу выбаршчыкаў. Сёлета парламент Грэнландыі законам забараніў палітыкам прымаць ахвяраванні ад замежнікаў і ананімных спонсараў.

У Грэнландыі — парламенцкія выбары
Reuters

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі