Сёлетні Нобелеўскі лаўрэат па фізіцы выявіўся нашчадкам беларускіх габрэяў
Продкі аднаго з сёлетніх нобелеўскіх лаўрэатаў па фізіцы паходзяць з Заходняй Беларусі, перадае Радыё "Свабода".
Напярэдадні былі абвешчаныя лаўрэаты Нобелеўскай прэміі ў галіне фізікі. Як паведамляла Еўрарадыё, імі сталі тры амэрыканцы — Кіп Торн, Райнер Вайc і Бэры Бэрыш. Продкі Бэрыша якраз і паходзяць з Беларусі.
Бэрыш нарадзіўся ў амерыканскім штаце Нябраска ў 1936 годзе. Сем’і абодвух яго бацькоў — габрэі-эмігранты з Заходняй Беларусі. Бабуля і дзед Бэры Бэрыша нарадзіліся ў другой палове XIX стагоддзя.
Раней у інтэрвію амерыканскім СМІ навуковец распавядаў, што сем’і яго бацькоў прыбылі ў Амерыку асобна і пазнаёміліся на заходнім узбярэжжы ЗША. Дзед нобелеўскага лаўрэата Хаiм-Доў бэн Барух Бенедэт Бэрыш пахаваны ў штаце Аёва, а бабуля — на могілках у Нябрасцы.