У Мінску прайшоў "Чарнобыльскі шлях" (онлайн, відэа, фота)
У акцыі паўдзельнічала да тысячы чалавек, яна скончылася мітынгам на плошчы Бангалор.
18:30 Акцыя скончылася, людзі разыйшліся не дачакаўшыся канца мітынга. На сам мітынг засталося чалавек 30, перадае Алесь Пілецкі.
18:00 Людзі пачалі разыходзіцца, многія так і не захацелі праходзіць праз турнікеты. На сцэне пачаліся выступы.
17:45 Праз турнікеты ў парк зайшлі некалькі дзясяткаў чалавек, астатнія не заходзяць, бо не хочуць праходзіць праз дагляд, лічуць яго абразай. Са сцэны ніхто не выступае, гукаўзмацняльнай тэхнікі няма, толькі мегафоны.
17:30 Калона падыйшла да парка на плошчы Бангалор. Міліцыя прапускае людзей праз турнікеты. Даглядае расцяжкі.
Уздоўж усяго маршрута шэсця на вуліцы вісяць жоўтыя і блакітныя сцягі
16:33 Калона рушыла ў бок плошчы Бангалор. У шэсці ўдзельнічае каля 500 чалавек, перадае Арцём Мартыновіч.
16:00 З'явіўся банер "За незалежную Беларусь", яго трымае "Альтэрнатыва". Людзі трымаюць шмат жоўтых шарыкаў са знакам радыяцыі, перадае Алесь Пілецкі.
15:50 Каля кінатэатра "Кастрычнік" сабралося чалавек 100, Віталь Рымашэўскі падняў сцяг БХД. За квартал у бок цэнтра каля корпуса БНТУ стаіць 3 "аўтазакі" і 4 аўтобуса з міліцыяй.
Збор удзельнікаў ля кінатэатра "Кастрычнік" прызначаны на 16 гадзін. Сёлета арганізатары спрабавалі заявіць новы маршрут ад "Кастрычніка" у Курапаты па вуліцах Якуба Коласа і Лагойскі тракт, але мінскія ўлады дазволілі толькі стандартны маршрут.
Нагадаем, што сёння 28-я гадавіна Чарнобыльскай аварыі. 26 красавіка 1986 году адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа.