Таццяна Караткевіч апублікавала сваю перадвыбарчую праграму

Таццяна Караткевіч апублікавала сваю перадвыбарчую праграму

Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч апублікавала сваю перадвыбарчую праграму. Яна мае назву "За мірныя перамены".

У праграме адзначаецца, што "прэзідэнт павінен накіраваць сваю працу ў першую чаргу на стварэнне ўмоў для павышэння ўзроўню і якасці жыцця грамадзян Беларусі, што можа быць ажыццёўлена толькі на аснове эфектыўнай эканомікі. Пазітыўныя перамены немагчымыя без правядзення глыбокіх палітычных рэформаў і эканамічных рэформаў".

Галоўным прынцыпам сацыяльнай палітыкі Караткевіч "павінен стаць прынцып роўных магчымасцяў, заснаваны на сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай салідарнасці моцных і слабых". Кандыдат у прэзідэнты выступае за развіццё прадпрымальніцтва і прамысловасці, за прыцягненне ў нашу краіну інвестыцый, за выкарыстанне прынцыпаў і падыходаў, якія былі рэалізаваныя ў паспяховых краінах.

Таццяна Караткевіч выступае за баланс уладаў. Толькі дзякуючы яму, лічыць яна, запрацуе закон, які стане падмуркам беларускай дзяржавы. "Беспярэчнае выкананне разумных законаў зробіць Беларусь багатай і стабільнай краінай", — гаворыцца ў праграме.

У замежнай палітыцы кандыдат у прэзідэнты лічыць, што Беларусі патрэбныя сапраўдны нейтралітэт. У праграме Караткевіч адзначаецца, што "Беларусь павінна будаваць раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны як са сваімі суседзямі, так і з астатнімі краінамі свету. Знешняя палітыка павінна грунтавацца на нацыянальных інтарэсах і садзейнічаць міру і бяспецы ў нашым рэгіёне".

Паводле праграмы Таццяны Караткевіч, Беларусь стане стабільнай дзяржавай толькі калі будзе абапірацца на гістарычныя і культурныя традыцыі беларускага народа: "Палітыка ўлады будзе накіравана на адраджэнне беларускай культуры і ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці як асновы беларускай дзяржаўнасці і фактару нацыянальнай бяспекі".

"Беларуская мова — наша багацце, — чытаем у праграме Караткевіч. — Беларускай мове будзе гарантаваная адмысловая дзяржаўная падтрымка і годнае месца ў жыцці грамадства, якое адпавядае статуту дзяржаўнай мовы, у тым ліку ў галіне вышэйшай сярэдняй і дашкольнай адукацыі. Чыноўнік, дэпутат або кіраўнік дзяржавы будзе абавязаны валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі". Кандыдат у прэзідэнты абяцае, што "будуць знятыя існуючыя бар'еры для стварэння і свабоднай дзейнасці СМІ і журналістаў", а газеты і інтэрнэт-сайты "не будуць баяцца крытыкаваць уладу і выкрываць выпадкі карупцыі і парушэння правоў грамадзян".

Цалкам тэкст праграмы кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч можна пабачыць тут.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі