Тэкст выступу для Алексіевіч, які б спадабаўся Фэйсбуку
Выступ Святланы Алексіевіч з лекцыяй выклікаў неадназначную рэакцыю ў сацсетках. Еўрарадыё вырашыла спыніць спрэчкі і прапанаваць альтэрнатыўны варыянт прамовы, які б спадабаўся Фэйсбуку.
“Шаноўныя сябры! Я сёння стаю на гэтай трыбуне не адна — за мной шматпакутны беларускі народ. Я чую яго галасы. Чую з дзяцінства. Я жыла ў вёсцы, адчувала родную зямлю. Мая маці — украінка, бацька — беларус. Усё сваё свядомае жыццё я пражыла у сталіцы Беларусі Мінску.
Мая краіна і мой народ ведаюць, што такое вайна. Пра гэта мае кнігі. Сёння вайна зноў дыхае ў твар беларусам. Трэба зрабіць усё, каб не пусціць яе ў наш дом.
Адна з маіх кніг — пра “чырвонага чалавека”, які застаўся пасля развалу “чырвонай імперыі”. У Беларусі і ва Украіне “чырвонага чалавека” ўсё менш. У Расіі — усё больш. Я гляджу на гэта і разумею, наколькі розныя нашы народы. Разумею, што месца Беларусі ў Еўропе.
Доўгі час я думала, што застануся “чырвоным чалавекам” да канца сваіх дзён. Сёння, тут перад вамі, я разумею, мой “чырвоны чалавек” памёр. Для гэтага варта было размаўляць з тысячамі людзей, напісаць пяць кніг, аб’ездзіць увесь былы СССР, убачыць вайну ў Афганістане, трагедыю Чарнобыля.
Я адчуваю, што магу дапамагчы сваім суайчыннікам забіць у сабе “чырвонага чалавека”. Адчуваю, што абавязаная гэта зрабіць. Сёння я прашу ў вас дапамогі ў гэтай няпростай справе. Свет не павінен пакідаць маю Беларусь сам-насам з імперыяй. Беларусь — гэта частка Еўропы, гэта частка еўрапейскай цывілізацыі. Дапамажыце нам ёй застацца.
Сёння тут перад вамі я гатовая расказаць, што вырашыла стварыць нацыянальны беларускі рух “За свабодную Беларусь!”. Я хачу яго ўзначаліць і заклікаць далучыцца да яго ўсіх, хто хоча перамагчы ў сабе страх і пакорнасць, хто гатовы паўстаць супраць імперыі. Я веру, што вы мне дапаможаце ў гэтай няпростай і небяспечнай справе.
Мая наступная кніга будзе пра любоў. Любоў чалавека да сваёй Радзімы. Стаўшы Нобелеўскім лаўрэатам, я зразумела, што хачу напісаць кнігу пра любоў да Беларусі. Я вельмі хачу напісаць яе на сваёй роднай, беларускай мове, якую стагоддзямі прыгняталі, не давалі развівацца, не давалі стаць роўнай з мовамі суседзяў.
Я — беларуска. Жыве Беларусь!”