Траціна вызваленых палітвязняў мусіла выйсці цягам месяца — Стрыжак

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак

Службе хуткай гуманітарнай дапамогі вядомыя 15 прозвішчаў (+1 непацверджанае) палітычных зняволеных, што трапілі пад вызваленне апошнімі днямі. Пра гэта піша ў сацсетках кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак.

Праваабаронцы "Вясны" таксама кажуць пра 16 вызваленых палітвязняў. Частка з іх выйшла па амністыі, частка — па памілаванні.

Стрыжак удакладняе, што з вызваленых палітвязняў пяці заставалася адбыць за кратамі не больш за месяц, яшчэ трое мусілі вызваліцца на працягу года. Такім чынам, палова вызваленых палітвязняў мусіла апынуцца на волі цягам года.

Пяць чалавек мусілі адбываць прысуджаныя тэрміны цягам 1,5-2 гады, адзін — 2-3 гады і яшчэ адзін — больш за 6 гадоў.

"Сярод тых, хто быў датэрмінова вызвалены за апошнія два дні, вядома пра цяжкі стан здароўя толькі ў Рыгора Кастусёва", — дадае Стрыжак.

Ён звяртае ўвагу на тое, што абсалютная большасць вызваленых "не з'яўляюцца людзьмі сталага ўзросту з цяжкімі захворваннямі". Такім чынам, інфармацыя пра вызваленне хворых і старых палітвязняў — гэта толькі частка дзяржаўнай прапаганды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі