Тышкевіч: Расія гуляе з Беларуссю гульню, падобную на крымскую

Выглядае, што “напад” рыхтуецца не з тых пазіцый, якія пазначыў Лукашэнка / скрыншот відэа
Выглядае, што “напад” рыхтуецца не з тых пазіцый, якія пазначыў Лукашэнка / скрыншот відэа

Беларускае войска дагэтуль не пайшло ва Украіну, бо пакуль што гэта вырашае Лукашэнка. Але Крэмль працуе над тым, каб фактычна любы кіраўнік Беларусі ўсё менш мог уплываць на такія рашэнні, расказвае ў эфіры Еўрарадыё эксперт украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.

Расія гуляе з Беларуссю іншую гульню. Яна нечым падобна на тое, што адбывалася ў Крыме. Праблема Крамля [ў Беларусі. — Еўрарадыё] ў тым, што няма альтэрнатывы [на пасаду кіраўніка Беларусі. — Еўрарадыё]. Умоўна кажучы, ёсць Лукашэнка з ягонай сістэмай улады, аддачы загадаў і іх выканання. А калі яго няма, хто далей? Ці захаваецца гэтая сістэма? Вельмі шмат такіх пытанняў, на якія няма адказаў.

Праблема паралельна, што ў беларускім палітычным полі няма структураваных прарасійскіх палітычных сіл. Прычым на спробы стварэння такіх ці аўдыту, ці можна іх ствараць, афіцыйны Мінск рэагуе досыць нервова. Ён гэтага баіцца.

Гэтыя сілы неабавязкова будуць абазначаць сябе расійскім трыкалорам. 

Яны могуць бегаць і пад бел-чырвона-белым сцягам. Гэта не праблема для Расіі. Пытанне, якія дамінуючыя сувязі ў іх і якія рашэнні яны прымаюць. То-бок ключавое — гэта ўваход у высокія кабінеты.

Чаму атрымалася ў расіян анексія Крыма адносна спакойна? Таму што там былі прынамсі дзве легальныя прарасійскія партыі. І яны былі маргінальныя, маленькія, але ў іх было прадстаўніцтва ў мясцовых органах улады, і яны ведалі іншых чыноўнікаў. Яны ведалі, груба кажучы, хто прадажны, хто не прадажны.  

У выніку фармаванне прарасійскай палітычнай праслойкі ў Крыме ў 2014 годзе вялікіх высілкаў не каштавала.

Бяром Херсон акупаваны. З тых, каго Расія фінансавала, аказалася, палітычную інфраструктуру не створыш. Не ведаю, ці яны былі непаспяховымі, ці яны скралі грошы. Там нават да пытання правядзення рэферэндуму пра абвяшчэнне нейкай народнай рэспублікі пакуль што не дайшлі. Таму што няма кім праводзіць, кім арганізоўваць.

У Беларусі прыкладна такая ж сітуацыя, што няма інфраструктуры. Ідэя Расійскай Федэрацыі — стварыць гэту інфраструктуру, увайсці ў ключавыя галіны беларускай эканомікі і далей спакойна чакаць наступнага электаральнага цыкла.

Для гэтага і ствараецца даўгавая пастка з рэфінансаваннем расійскіх крэдытаў. Асноўныя выплаты будуць з 2024 да 2027 года. Тады нават супердэмакратычны прэзідэнт будзе вымушаны лічыцца з Крамлём, лічыць эксперт.

Крэмль гуляе больш удоўгую, ён пакуль што не гатовы заціснуць гайкі, — рэзюмуе Ігар Тышкевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі