У 2015 годзе ВУП Беларусі знізіўся на 3,9%
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2015 годзе знізіўся ў параўнанні з папярэднім годам на 3,9% і склаў 869,7 трлн рублёў. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на Белстат.
Дарэчы, згодна з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2015 год, планаваўся ўсё ж мінімальны рост ВУП — на 0,2-0,7%. Адпаведны дакумент Аляксандр Лукашэнка падпісаў 1 снежня 2014 года.
Але па выніках 2015 года прамысловай прадукцыі выраблена на 729 трлн рублёў — гэта на 6,6% менш, чым за 2014-ы. Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі склала 12,9%.
Сельскагаспадарчай прадукцыі выраблена на 136,7 трлн рублёў. Гэта на 2,8% менш, чым у 2014 годзе.
Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 206,3 трлн рублёў, што на 15,2% менш, чым у 2014 годзе. Рознічны таваразварот дасягнуў 347,3 трлн рублёў. Паводле звестак Белстата, ён павялічыўся на 0,2%. А вось аптовы таваразварот знізіўся на 4,4% і дасягнуў сумы 598,2 трлн рублёў.
За кошт усіх крыніц фінансавання ў 2015 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 5 млн 58,4 тыс. кв.м жытла. Гэта на 8,4% менш, чым было ў 2014 годзе.