Па факце ДТЗ, у якім пацярпеў інспектар ДАІ, распачалі крымінальную справу
У адносінах матацыкліста, які раніцай 18 красавіка ў Мінску ўчыніў дарожна-транспартнае здарэнне, у якім пацярпеў інспектар ДАІ, распачалі крымінальную справу. Артыкул — "парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання" (ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэксу Беларусі), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Упраўленне Следчага камітэта па Мінску..
Здарэнне адбылося на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Як паведамляла Еўрарадыё, спачатку з'явілася інфармацыя, што даішнік спрабаваў "уручную" спыніць матацыкліста і трапіў пад аўтамабіль. Пасля з'явілася версія ДАІ. Паводле яе, матацыкліст на "Сузукі" рухаўся з парушэннямі правілаў дарожнага руху, без рэгістрацыйнага нумару. Супрацоўнік ДАІ вырашыў яго затрымаць для разбіральніцтва. Калі байкер спыніўся перад святлафорам, ён "падыйшоў да кіроўцы матацыкла, прадставіўся і запатрабаваў прад'явіць дакументы". Аднак мужчына "патрабаванне праігнараваў і паспрабаваў з'ехаць". Пры гэтым ён "здзейсніў наезд на інспектара ДАІ, а затым сутыкненне з іншым транспартным сродкам".
У той жа час агенцтва "Мінск-навіны", са слоў відавочцаў, паведаміла, што пасля таго, як даішнік паспрабаваў затрымаць байкера і схапіўся за яго, той раптоўна стартаваў і пацягнуў міліцыянера за сабой на сярэдзіну скрыжавання. Там іх абодвух збіла машына інкасацыі. Гэтую версію пацвярджаюць і запісы камер відэаназірання, якія вывучылі следчыя.
46-гадовы афіцэр міліцыі атрымаў траўмы, ён знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі Бальніцы хуткай меддапамогі. 31-гадовы матацыкліст таксама атрымаў траўмы, але не такія цяжкія, ён шпіталізаваны, знаходзіцца пад вартай. Вядома, што мужчына — ураджэнец Жлобіна. Раней ён 52 разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР, яго неаднаразова пазбаўлялі пасведчання кіроўцы.