У Арменіі скарацілі міністэрства культуры і міністэрства спорту
Reuters
З 17 міністэрстваў у складзе ўрада Арменіі працягнуць працу 12, пiша "Кавказский узел". Пра гэта паведаміў у сваім Facebook прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян.
Яшчэ ў снежні 2018 года Пашынян не выключыў скарачэнне колькасці міністэрстваў. Супраць планаў рэарганізаваць міністэрствы 21 снежня выйшлі на акцыю пратэсту супрацоўнікі міністэрства культуры і супрацоўнікі Міндыяспары. 19 студзеня прэзідэнт Арменіі Армэн Саргсян падпісаў указ аб прызначэнні 12 міністраў.
Працягнуць працу міністэрства замежных спраў, міністэрства абароны, міністэрства па надзвычайных сітуацыях, міністэрства юстыцыі, міністэрства працы і сацыяльных пытанняў, міністэрства адукацыі, навукі і культуры, міністэрства аховы прыроды, міністэрства аховы здароўя, міністэрства фінансаў, міністэрства эканомікі, міністэрства тэрытарыяльнага кіравання і інфраструктуры, міністэрства індустрыі высокіх тэхналогій, піша "Арменпрэс". Такім чынам, пад скарачэнне трапілі Мінкультуры, міністэрства сельскай гаспадаркі, міністэрства энергетычных інфраструктур і прыродных рэсурсаў, міністэрства дыяспары, міністэрства спорту і па справах моладзі.
Міністр эканамічнага развіцця і інвестыцый Арменіі Тыгран Хачатран на праведзеным 8 лютага брыфінгу адзначыў, што дзяржслужачыя, якія засталіся без працы ў выніку структурных зменаў ва ўрадзе, змогуць праявіць сябе ў прыватным сектары:
"Чыноўнікі могуць прыкласці намаганні і перакваліфікавацца, у іх з'явяцца новыя магчымасці".
Камісія па пытаннях моладзі, спорту і культуры вярхоўнага органа "Дашнакцуцюн" заклікала ўрад перагледзець рашэнне аб скасаванні міністэрстваў культуры, спорту і па справах моладзі і зліцці іх з міністэрствам адукацыі і навукі, бо "гэта няправільнае рашэнне можа прывесці да незваротных вынікаў".
"На працягу тысячагоддзяў армянская культура разам з армянскім мовай і царквой была асноўным апорай нашай ідэнтычнасці, яна сфармавала нацыянальную сістэму каштоўнасцей і ўсё тое, што зрабіла нас вядомымі ў свеце. Культуры адведзена вялікая роля ў сённяшнім і заўтрашнім палітычным жыцці Арменіі", — адзначаецца ў заяве.
Сёння ў Беларусі 24 міністэрствы. У Грузіі — 19. Ва Украіне, насельніцтва якой у чатыры разы большае, чым у нас, усяго толькі 17. У Польшчы іх таксама меней — 18. А ў Германіі ўвогуле 14 міністэрстваў.