У Беларусь не пусцілі лідара "Рускамоўных Украінскіх Нацыяналістаў"
Украінца Сяргея Замілюхіна, які напярэдадні Новага года года ехаў з Кіева ў Гомель, не пусцілі ў Беларусь, паведамляе "Белсат".
Лідар арганізацыі ехаў да цесця і цешчы, дзе яго чакалі жонка і дачка. Аднак на мяжы выявілася, што лідар арганізацыі "Рускамоўныя Украінскія Нацыяналісты" знаходзіцца ў "чорным спісе". Трапіў ён туды па ініцыятыве расійскага боку. Як вядома, Беларусь і Расія з лістапада 2015 года ўзгадняюць уласныя "чорныя спісы", каб не пускаць непажаданых асобаў на тэрыторыю так званай "Саюзнай дзяржавы".
Замілюхін: "Старшы афіцэр, паглядзеўшы ў камп'ютары, паведаміў мне, што згодна з такім і такім дакументам я не магу ўязджаць на тэрыторыю Расіі і Беларусі. І што ініцыятарам гэтай забароны з'яўляецца Расія".
"Рускамоўныя Украінскія Нацыяналісты" — арганізацыя, якая мае прадстаўніцтвы ў шасці буйных гарадах Украіны. Мэта арганізацыі — абʼяднаць патрыётаў краіны незалежна ад мовы, на якой яны гавораць.