У Беларусі абмежавалі доступ да 11 інтэрнэт-рэсурсаў
У Беларусі абмежавалі доступ да 11 інтэрнэт-рэсурсаў. Адпаведнае рашэнне 10 красавіка прыняло Міністэрства інфармацыі.
Доступ да аднаго з сайтаў быў абмежаваны за распаўсюджванне інфармацыі, накіраванай на рэалізацыю наркатычных сродкаў. Яшчэ да 9 сайтаў доступ быў абмежаваны за размяшчэнне рэкламы аб прадстаўленні мікракрэдытаў суб’ектамі гаспадарання, якія не ўключаныя ў рэестр мікрафінансавых арганізацый (Мінінфарм атрымаў адпаведныя дакументы з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю). У “чорны спіс” трапіў і сайт automalinovka.info — за змяшчэнне непраўдзівай рэкламы. Праўда, на яго зайсці можна і цяпер.
У канцы сакавіка за “распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў” быў абмежаваны доступ да 5 інтэрнэт-рэсурсаў і 12 груп, персанальных старонак сацсеткі “УКантакце”. У пачатку красавіка ў “чорны спіс” трапілі два сайты, якія змяшчалі рэкламу лекавых прэпаратаў, якія не зарэгістраваныя ў нашай краіне.