У Беларусі застануцца тры-чатыры партыі — Кірыл Казакоў
Сімволіка грамадскага аб'яднання "Белая Русь" / sb.by
У Беларусі пасля перарэгістрацыі застануцца тры-чатыры партыі. Пра гэта заявіў галоўны рэдактар "Мінскага кур’ера" Кірыл Казакоў падчас відэатрансляцыі на адным з праўладных ютуб-каналаў, перадае Радыё "Свабода".
Бліжэйшым часам у Беларусі пачнецца перарэгістрацыя палітычных партый. Пра гэта 3 лютага паведаміў міністр юстыцыі Сяргей Хаменка.
Таксама напярэдадні стала вядома, што пры праўладнай грамадскай арганізацыі "Белая Русь" ствараецца аднайменная партыя.
Па словах Казакова, "Белая Русь" можа стаць цэнтрысцкай партыяй. "Ліберальна-дэмакратычная партыя прэтэндуе на больш правую пазыцыю, таму што слова "ліберальная" — больш правае. Камуністы зоймуць левую пазіцыю. Мы на мінулым тыдні абмяркоўвалі гэтую гісторыю з сенатарам Алегам Дзьячэнкам і гаварылі пра тое, колькі партый можа застацца пасля перарэгістрацыі. І ён казаў, што, можа, тры-чатыры. То бок камуністы, ліберал-дэмакраты Гайдукевіча і цэнтрысты з "Белай Русі". І, па сутнасці, мы пакрываем усю палітру палітычных плыняў", — тлумачыць Казакоў.
На сёння ў Беларусі налічваецца 15 палітычных партый. Новы закон ставіць шэраг бар’ераў для ўтварэння і дзейнасці палітычных аб'яднанняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.