У Брэсце будуюць элітны раён на месцы масавых пахаванняў вязняў гета
Когда-то здесь было гетто, теперь строят элитный район...
У цэнтры Брэста на месцы будаўніцтва элітнага жылога квартала рабочыя выявілі масавае пахаванне людзей. У аддзеле культуры брэсцкага гарвыканкама пацвердзілі: астанкі належаць вязням Брэсцкага гета, якое размяшчалася тут у 1941-1942 гадах. Ужо ў чэрвені на пустцы павінен быў вырасці раён з паркоўкамі і пляцоўкамі для адпачынку, але пакуль будаўніцтва прыпыненае, а тэрыторыя абгароджаная.
Ці спыніцца будаўніцтва элітнага раёна і што будзе з знойдзенымі астанкамі вязняў Брэсцкага гета?
На месцы будаўніцтва элітнага квартала размяшчаліся расстрэльныя двары
"Брэст шуміць па гэтым пытанні з пазамінулай пятніцы, — распавядае Еўрарадыё актывістка каманды праекта Brest Stories Guide Святлана Гайдалёнак. — Мой знаёмы, які жыве ў доме побач з будоўляй, з акна ўбачыў косткі ў выкапаным катлаване. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці, я напісала пост у Facebook".
Брэсцкае гета, куды ў лістападзе-снежні 1941 года сагналі яўрэяў горада, знаходзілася за калючым дротам у межах сучасных вуліц Савецкай, Маякоўскага, Кірава і Інтэрнацыянальнай і разбівалася на Вялікае і Малое гета. Адны гісторыкі лічаць, што тут пражывала 23 тысячы чалавек, іншыя, што 30 тысяч. У сярэднім прынята называць 24-26 тысяч вязняў.
"Каля 16 тысяч яўрэяў фашысты вывезлі ў раён чыгуначнай станцыі Бронная Гара (Бярозаўскі раён), дзе расстралялі. Тых, хто па нейкіх прычынах не мог туды дабрацца (у асноўным — дзеці і старыя), расстрэльвалі ў так званых расстрэльных дварах. Колькі канкрэтна людзей ляжыць у зямлі ў цэнтры горада, сказаць цяжка. Як мяркуецца, ад 3 да 6 тысяч чалавек", — кажа актывістка.
Брастаўчанка распавядае, што расстрэльныя двары былі абмежаваныя квадратам сучасных вуліц Савецкая, Дзяржынскага, Куйбышава і Машэрава, куды і трапляе ўчастак будаўніцтва. Доўгі час тут была закінутая тэрыторыя, якая хавалася за дамамі на пешаходнай Савецкай. Там стаялі хлявы, закінутая піларама, розныя запушчаныя дамы. У мінулым траўні уначы ўсё згарэла.
"Усе гісторыкі і людзі, якія цікавяцца гісторыяй горада, ведаюць пра расстрэльныя двары. Сведкі расказвалі пра трупы, якія знаходзілі яшчэ ў 1970-х падчас будаўніцтва піларамы. Тады іх завезлі і пахавалі на Трышынскіх могілках. Астанкі знаходзілі і пры будаўніцтве трох дзевяціпавярховых дамоў. З-за таго, што зямля была занадта рыхлай і рухомай ад колькасці трупаў, адзін з іх па Куйбышава, 90, будаўнікі былі вымушаныя аднесці ў бок, адхіліўшыся ад першапачатковага праекта".
"Месца пахавання будзе ўзгодненае з яўрэйскай абшчынай горада"
Цяпер на месцы расстрэльных двароў разгортваецца новае будаўніцтва. Няўжо гістарычную частку горада не даследавалі папярэдне? Святлана кажа, што, пасля таго, як знойдзеныя ў мінулым стагоддзі астанкі пахавалі, улады быццам забыліся пра тое, што частка трупаў дагэтуль спачывае ў зямлі.
"Думаю, што адкапаюць, скажуць, што зямля чыстая, можна будаваць, потым прыйдзе святар, усё акропіць і разгорнецца будаўніцтва. У нас у Беларусі часцей за ўсё так і адбываецца. Хоць на месцы расстрэльных двароў можна пасадзіць ціхі парк, паставіць мемарыял, дзе можна было б яшчэ раз задумацца пра жахлівую трагедыю Халакоста".
А што кажа забудоўшчык? Вядома, што толькі на першапачатковым этапе будаўніцтва ТАА "Прыбужскі квартал" выдаткавала больш за два мільёны рублёў. Еўрарадыё папрасіла пракаментаваць сітуацыю дырэктара кампаніі Уладзіміра Бірулю.
"Паведамлення аб скасаванні інвестыцыйнага дагавора, абвестак аб спыненні будаўніцтва, а таксама іншых забарон афіцыйна ТАА "Прыбужскі квартал" не атрымлівала. На ўчастку, дзе вядуцца пошукавыя работы, будаўнічыя працы прыпыненыя, — гаворыцца ў адказе Уладзіміра Бірулі на запыт Еўрарадыё. — Пра выяўленне месца пахавання кампанія праінфармавала органы мясцовай улады. Мы аказваем неабходную дапамогу спецыялізаванаму пошукаваму атраду ў правядзенні раскопак: арганізаваная ахова аб'екта, вылучаныя бытавыя памяшканні, у распараджэнне дадзеная неабходная тэхніка і падсобныя рабочыя.
Мы са свайго боку робім усё, што ад нас залежыць, каб рашэнне гэтай сітуацыі прайшло па ўсіх маральна-этычных нормах. Знойдзеныя астанкі перапахаваюць, а месца пахавання будзе ўзгодненае з яўрэйскай абшчынай горада".
На пытанне, ці паўплывае гісторыя на кошт жылля ў элітным раёне, калі будаўніцтва ўсё-ткі ўзновіцца, дырэктар не адказвае.
Што рабіць, калі на будоўлі выявілася пахаванне?
Гэта не першы выпадак, калі на месцах гістарычных пахаванняў у Беларусі разгортвалася будаўніцтва.
У 1963 годзе на месцы разараных яўрэйскіх могілак у Гродне, якія сталі пусткай, быў пабудаваны стадыён "Чырвоны сцяг", пазней перайменаваны ў "Нёман".
"Тое, што "не дарабілі" немцы, "дарабілі" Саветы, — піша tribuna.com. — У сярэдзіне 1950-х гадоў ўлады знішчылі могілкі. Як ўспаміналі сведкі, знішчалі "па жывым": яшчэ былі свежыя нядаўнія пахаванні, гродзенцы наведвалі магілы сваіх родных".
Яўрэйскія могілкі, якія закрылі ў 1883-м годзе, размяшчалася і на месцы мінскага стадыёна "Дынама".
Некалькі гадоў таму ў раёне вуліцы Чарвякова ў Мінску, на месцы былога Старажоўскага рынка адкрылі мемарыял воінам Першай сусветнай вайны. Калісьці тут размяшчалі брацкія могілкі, але з часам гісторыя забылася, шмат гадоў запар тэрыторыя забудоўвалася дамамі.
"Там павінны былі пракладаць новую цеплатрасу, — успамінае мясцовая жыхарка, галоўны архітэктар праектаў УП "Мінскграда" Святлана Сахарава. — Рабочыя раскапалі суцэльны пласт костак і адразу патэлефанавалі ў Мінгарвыканкам і Мінкульт. Літаральна праз два дні выйшла распараджэнне прэзідэнта аб захаванні тэрыторыі і арганізацыі мемарыяла . Мемарыял ўжо пабудаваны з вечным агнём, альтанкай памяці, надмагіллямі, але гэта толькі адна чацвёртая ці адна пятая былых могілак. Астатняя тэрыторыя забудаваная, літаральна праз дарогу ад помніка стаяць даволі новыя шматпавярховыя дамы. Магчыма, будаўнікі нічога не выявілі, але магу дапусціць, што часам людзі не тэлефануюць".
Спецыяліст кажа, што неабыякавыя людзі, рабочыя, якія знаходзяць падчас будаўніцтва якія-небудзь астанкі, павінны тут жа звяртацца ў выканкам свайго горада і Мінкультуры.
"Можна напісаць ліст і сабраць подпісы, — раіць яна. — Зварот павінны разгледзець у любым выпадку, будзь там хоць пяць подпісаў, хоць тысяча. Таксама вельмі добра, калі з гарадскімі ўладамі кантактуюць кваліфікаваныя гісторыкі, іх довады могуць быць пераканаўчымі. Акрамя таго, жыхары Брэста, якія перажываюць за пахаванні, могуць звярнуцца са сваімі пытаннямі да галоўнага архітэктара горада Мікалая Мікалаевіча Васюка. Калі ўлады забараняюць будаўніцтва, забудоўшчык можа разлічваць на кампенсацыю выдаткаў, але, хутчэй за ўсё, дамагацца іх прыйдзецца праз суд".