У еўраструктурах прайшлі паспяховыя перамовы па бязвізавым рэжыме для Украіны

У еўраструктурах прайшлі паспяховыя перамовы па бязвізавым рэжыме для Украіны

У аўторак паспяхова прайшлі міжінстытуцыянальныя перамовы аб прадастаўленні Украіне бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на місію Украіны пры Еўрапейскім Саюзе.

Прадстаўнікі Савета ЕС, Еўрапарламента і Еўракамісіі дамовіліся аб прадастаўленні Украіне бязвізавага рэжыму. У чацвер, 2 сакавіка, гэтае рашэнне будзе пацверджанае на Камітэце пастаянных прадстаўнікоў краін-чальцоў ЕС (COREPER). 

Згодна з працэдурай, цяпер за гэтае рашэнне павінен прагаласаваць Камітэт Еўрапарламента па пытаннях грамадзянскіх свабодаў. Пасля чаго за бязвізавы рэжым прагаласуюць на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента і зацвердзяць гэтае рашэнне на пасяджэнні Савета ЕС. Свае подпісы пад дакументам мусяць паставіць прэзідэнт Еўрапарламента і прадстаўнікі Савета.

Паводле папярэдніх неафіцыйных звестак, другі тур зацвярджэння пройдзе сёлета ў траўні. 

Дакумент набудзе моц праз 20 дзён пасля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЕС. 

Раней прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер казаў, што Украіна атрымае бязвізавы рэжым з ЕС яшчэ да лета 2017 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі