У Мінскім раёне плануецца стварыць музейны комплекс

Вадзім Лакіза (злева) каля гарадзішча на Менцы

Вадзім Лакіза (злева) каля гарадзішча на Менцы / t.me/iinanb/

У Мінскім раёне плануецца стварыць музейны комплекс. Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза бачыць у ім вялізны патэнцыял. "Ён знаходзіцца недалёка ад Мінска і прыцягне вялікую колькасць турыстаў, — цытуе словы Лакізы "Мінская праўда". — Будзем дэманстраваць арыгінальныя прадметы, якія знойдзены падчас раскопак. А на самім гарадзішчы ўзновім уваходную групу — браму з вежай, драўлянымі пераходамі, абарончыя канструкцыі, каб усе бачылі, як тысячу гадоў таму выглядаў старажытны горад".

На пляцоўцы ўнутры гарадзішча пабудуюць некалькі жылых і гаспадарчых хатак у такім выглядзе, як яны выглядалі ў X — пачатку XI стагоддзя, каб паказаць побыт старажытных людзей.

Ужо створана рабочая група па падрыхтоўцы канцэпцыі музеефікацыі археалагічнага комплексу на Менцы.

Першая згадка пра Мінск датуецца сакавіком 1067 года. Тады кіеўскія князі ваявалі з полацкім князем Усяславам Чарадзеем і спалілі летапісны Менск. Мяркуецца, што ў той час горад быў на рацэ Менцы ў раёне вёскі Гарадзішча ў Мінскім раёне.

У 2022-м беларускія археолагі атрымалі заданне знайсці больш звестак пра "самую раннюю гісторыю беларускай дзяржаўнасці". Пра неабходнасць такіх даследаванняў заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. На гарадзішчы на Менцы з 2023-га праводзяцца маштабныя раскопкі, ёсць цікавыя знаходкі. Вясной 2024-га Вадзім Лакіза аб'явіў, што драўніна з асновы вала гарадзішча адносіцца да Х стагоддзя. А значыць Мінск тады ўжо існаваў.

У Мінскім раёне плануецца стварыць музейны комплекс
Гарадзішча на Менцы / t.me/iinanb/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі