З'явілася платформа з віртуальнымі турамі па Беларусі і 3D-мадэлямі

Цяпер можна даследаваць гістарычныя месцы і разгледзець страчаныя архітэктурныя помнікі / xraytours.com
У сеціве з'явіўся праект Xraytours — платформа з віртуальнымі турамі па гістарычных мясцінах Беларусі, адноўленымі з дапамогай 3D-мадэлявання, віртуальнай і дапоўненай рэальнасці.
Цяпер можна не выходзячы з дома даследаваць архітэктурныя помнікі Беларусі, у тым ліку страчаныя і разбураныя. Дакладныя лічбавыя копіі, створаныя на аснове архіўных дадзеных, дазваляюць карыстальнікам прагуляцца па вуліцах старажытных гарадоў, разгледзеўшы кожную дэталь будынкаў.
"Мы ствараем інавацыйную платформу, якая ставіць перад сабой задачу захавання і аднаўлення страчаных архітэктурных помнікаў Беларусі. Наш праект дазваляе злучыць мінулае і сучаснасць, робячы гісторыю даступнай для ўсіх", — распавядаюць стваральнікі Xraytours.
Праект арыентаваны на шырокі круг карыстальнікаў: ад студэнтаў і выкладчыкаў да навукоўцаў, турыстаў і проста аматараў гісторыі. Для адукацыйных устаноў Xraytours можа стаць унікальным інструментам, які ажыўляе ўрокі гісторыі, дазваляючы вучням не проста чытаць пра мінулае, але бачыць яго сваімі вачыма.
Што прапануе Xraytours?
Інтэрактыўная карта: дазваляе даследаваць гістарычныя месцы праз 3D-мадэлі і анімацыі;
Віртуальныя туры: магчымасць прагуляцца па старажытных гарадах у VR і AR;
Фота з 3D-мадэлямі: карыстальнікі могуць рабіць здымкі з адноўленымі помнікамі, як быццам яны побач;
Рэканструкцыя: дакладныя 3D-мадэлі аб'ектаў, адноўленыя на аснове архіўных дадзеных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.