У Мінску данеслі на шторы на акне — у іх убачылі "схему БЧБ"
Міліцыя прыняла данос па тэлефоне (ілюстрацыйнае фота)
У Мінску данеслі на шторы на акне — у іх убачылі "схему БЧБ". Гаспадара кватэры прызналі вінаватым у "несанкцыянаваным пікетаванні" і прысудзілі да трох сутак адміністрацыйнага арышту.
Як піша "Зеркало", адміністрацыйную справу разглядаў суд Партызанскага раёна сталіцы. З яе вынікае, што міліцыя прыняла данос па тэлефоне. Нарад прыехаў у кватэру мінчука каля 22:30.
У пратаколе міліцыянеры напісалі: "Парушыў парадак правядзення масавага мерапрыемства, што выявілася ў актыўным удзеле ў... пікетаванні, якое выявілася ў размяшчэнні ў акне кватэры шторы ў выглядзе незарэгістраванай сімволікі, а менавіта бел-чырвона-белага сцяга". Мужчыну затрымалі. На судзе ён не прызнаў сваю віну, заявіў, што шторы не бел-чырвоныя, а бардовыя ў цэнтры і светлыя па баках, і ніякага пікетавання ён не праводзіў.
Аднак суд падтрымаў версію міліцыі. Мінчук паспрабаваў абскардзіць яго рашэнне, але Мінскі гарадскі суд прызнаў яго "законным і справядлівым".
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае барацьбу з бел-чырвона-белай сімволікай, бачыць яе нават там, дзе яе няма. Міліцыя палюе на "няправільныя шторы" з 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.