"Пасля 9-га вешайце што хочаце": міліцыя забрала ў мінчукоў БЧБ-шторы
Фіранкі на лоджыі / фота Еўрарадыё перадаў герой матэрыялу
Міліцыя прыйшла дадому да мінчукоў Аляксандра і Дар'і, сарвала з іх лоджыі бел-чырвона-белыя фіранкі і забрала з сабой без складання пратакола. Пара жыве на 11-м паверсе дома №9 па Смаргоўскім тракце разам з маленькай дачкой.
Фіранкі правіселі на лоджыі каля двух тыдняў. Да 3 жніўня яны нікому не перашкаджалі.
"У панядзелак каля 12:00 у дзверы пачалі настойліва званіць і стукаць. За імі стаялі людзі ў грамадзянскім адзенні. Жонка была дома адна, моцна спалохалася і адчыняць не стала. Я выклікаў міліцыю, сказаў, што да мяне ў кватэру нехта спрабуе ўламіцца", — расказвае Еўрарадыё Аляксандр.
На выклік прыбыў нарад міліцыі з Цэнтральнага РУУС. Аляксандру па тэлефоне сказалі, што ў госці прыходзілі "іх супрацоўнікі", якія "праводзяць мерапрыемствы", якія менавіта — не ўдакладнілі. Потым высветлілася, што камусьці з суседзяў не дагадзілі фіранкі.
"Мне настойліва сказалі, каб я прыбраў сцяг з балкона, — працягвае суразмоўнік. — Я сказаў, што гэта не сцяг, а фіранкі, якія не маюць дачынення да сцяга і ў прынцыпе вешаць іх не забаронена, нават калі б гэта і быў сцяг. У выніку мы дамовіліся, што ўвечары прыйдзе ўчастковы і напіша тлумачэнне, што нібыта на мяне паступіла скарга ад аднаго з жыхароў.
Але вечара ніхто чакаць не стаў. Праз пару гадзін прыйшлі зноў два супрацоўнікі ў цывільным. Адзін з іх быў намеснік начальніка па ахове правапарадку, прадставіўся Паўлам, прозвішча і імя па бацьку я не запомніў. Жонка адчыніла дзверы. Яны зайшлі, я пагаварыў з Паўлам па тэлефоне. Нам ставяць у віну парушэнне артыкула 21.13 КаАП, што мы, маўляў, самавольна змянілі фасад.
Я з гэтым не пагадзіўся. Сказаў, што здымаць фіранкі не будзем. Яшчэ раз папрасіў скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Чалавек сказаў, што складзе пратакол і будзе праведзена канфіскацыя. Кінуў трубку, не атрымаўшы маёй згоды. Жонку падманулі, сказаўшы, што я пагадзіўся. Яны без дазволу зайшлі на балкон, сарвалі фіранкі, не складаючы пры гэтым ні пратакола на адабранне, ні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, не выклікаючы панятых, не робячы вопісу адбіранай маёмасці. Проста прыйшлі, сарвалі, забралі і пайшлі".
Напрыканцы, па словах Аляксандра, Дар'і сказалі, што пратакол будзе складзены пазней і пра гэта паведамяць. І яшчэ: "Сказалі, што пасля 9-га вешайце што хочаце".
На гэтым гісторыя не скончылася. Каля 22:30 у дзверы кватэры зноў сталі званіць і стукаць. У пакоі спала маленькая дачка, якая днём была ў дзіцячым садзе.
"Гэта былі двое людзей у цывільным, якія прыходзілі першы раз. Яны хацелі са мной пагаварыць. Сказалі, маўляў, на нашым балконе зноў вісіць сцяг. Не ведаю, адкуль у іх была такая інфармацыя, Я сказаў, маўляў, выйдзіце і паглядзіце з вуліцы, што ніякі сцяг у нас не вісіць. Адчыняць не сталі".
Аляксандр адправіў электроннае паведамленне ў мінскую пракуратуру. Ён папрасіў, каб там далі прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў міліцыі наконт парушэння нормаў працэсуальнага кодэкса пры адабранні.
Каментар архітэктара: штора — не элемент фасада
Архітэктар Кірыл Крышчановіч расказаў Еўрарадыё, што называць штору элементам фасада — памылка:
"Штора — гэта частка інтэр'ера. Такая ж, як шпалеры, мэбля і асвятленне. Колер і фасон гэтых элементаў ніяк не рэгламентуецца дзейнымі тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі і з'яўляецца прадметам індывідуальнай перавагі. Тое, што шторы могуць быць відаць з вуліцы... Ну і што тут такога? Тым больш што разгляданы фасад і так мае даволі актыўную кантрасную палітру, дзе каляровыя плямы па задуме аўтараў праекта складаюць так званы мігатлівы эфект.
У гэтым выпадку такія шторы могуць толькі падтрымліваць агульную стылістыку і выразнасць фасада".
Еўрарадыё звярнулася па тлумачэнне сітуацыі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.