Стала вядома пра яшчэ адзін суд над заўзятарам, які не падняўся падчас гімна
На футболе ў Гродне, 2024 год
Стала вядома пра яшчэ адзін суд над футбольным заўзятарам, які не падняўся падчас выканання гімна Рэспублікі Беларусь (дагэтуль былі вядомыя не менш за два выпадкі). Пра яго ў інтэрв'ю газеце "Вячэрні Гродна" распавяла суддзя Ленінскага раённага суда Гродна Алена Пятрова. Паводле яе слоў, гэты выпадак адбыўся ў Гродне ў 2023 годзе. "Мінчук, знаходзячыся на трыбуне стадыёна, падчас афіцыйнай цырымоніі на спартыўным матчы слухаў дзяржаўны гімн Беларусі седзячы, тым самым парушыў устаноўленыя заканадаўствам патрабаванні", — кажа Пятрова.
У выніку мужчыну судзілі па артыкуле 24.54 КаАП за "незаконныя дзеянні ў адносінах да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь" і аштрафавалі на 15 базавых велічынь (летась гэта былі 555 рублёў).
Пра тое, што ў Беларусі пачалі штрафаваць за тое, што не ўстаў падчас выканання дзяржаўнага гімна, стала вядома ў 2021-м. На 290 рублёў аштрафавалі мужчыну, які быў на трыбуне на футбольным матчы ў Слоніме. Праўда, на судзе заўзятар сказаў, што перад матчам глядзеў відэа на тэлефоне, з-за чаго ўстаў не адразу з уключэннем гімна, а прыкладна праз 15 секунд, і гімн яшчэ гучаў. Але на суд гэтае тлумачэнне не паўплывала.
У 2022-м суд Ленінскага раёна Гродна аштрафаваў дырэктара аднаго з прадпрыемстваў на 480 рублёў. Ён застаўся сядзець на месцы, калі на футбольным матчы "Нёмана" і БАТЭ ўключылі гімн.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.