Камунальнік замяніў на даху дома чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы

Бел-чырвона-белы сцяг з "Пагоняй"

Бел-чырвона-белы сцяг з "Пагоняй" / facebook.com

У Мінску ўначы камунальнік замяніў на даху шматпавярховага дома па вуліцы Янкі Лучыны чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы. Адбылося гэта ў кастрычніку 2022-га, але пра гэтую гісторыю стала вядома толькі цяпер. "Зеркало" знайшло інфармацыю пра даўнюю справу ў банку судовых рашэнняў.

Раніцай бел-чырвона-белы сцяг на даху заўважыў прахожы і патэлефанаваў у міліцыю. Бел-чырвона-белае палатно з "Пагоняй" вісела дагары нагамі, а чырвона-зялёны сцяг ляжаў побач складзены. Замок на дзвярах быў адчынены, але не ўзламаны. З дапамогай запісаў камер відэаназірання сілавікі высветлілі, што ў пад'езд дома ўначы заходзіў, а пасля выходзіў рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў. Яго затрымалі.

У студзені 2023-га прайшоў суд. Мужчыну асудзілі на тры месяцы арышту, спагналі з яго судовыя выдаткі (каля 226 рублёў), чырвона-зялёны сцяг пастанавілі вярнуць у камунальную ўстанову, а бел-чырвона-белы — знішчыць.

Абвінавачаны не адмаўляў, што памяняў сцяг. Паводле яго слоў, чырвона-зялёнае палатно было абматанае вакол флагштока, і ён хацеў "прывесці сцяг у парадак". Але на даху заўважыў, што "дзяржаўны сцяг патрапаны ад моцнага ветру, і яго не атрымліваецца расправіць". У камунальніка з сабой быў бел-чырвона-белы сцяг, які ён раней знайшоў на дрэве і збіраўся выкарыстоўваць "як рыззё". Мужчына вырашыў замяніць "пашарпаны" афіцыйны сцяг.

Як ён патлумачыў суду, павесіў бел-чырвона-белы сцяг з "Пагоняй" у перавернутым выглядзе, "каб такім чынам пажартаваць над апазіцыянерамі". У зробленым раскайваўся. Суд расцаніў гэты ўчынак як хуліганства — "наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якія вылучаюцца па сваім змесце выключным цынізмам".

Ці захаваў камунальнік сваю працу пасля затрымання, суда і арышту, невядома.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" захоўвалі статус дзяржсімвалаў 3 гады і 8 месяцаў, пакуль Аляксандр Лукашэнка не правёў 14 мая 1995 года рэферэндум. Пад бел-чырвона-белым сцягам праходзілі масавыя вулічныя акцыі ў Беларусі ў 2020-м. Пад ім ва Украіне ваююць супраць расійскіх акупантаў беларускія добраахвотнікі.

Сілавікі ў РБ вядуць змаганне супраць бел-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня". Затрыманні і суды праходзяць па ўсёй краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі