У Мінску пачнуць судзіць удзельнікаў "партызанскай групы" анархістаў
Стала вядома, калі ў Мінску пачнуць судзіць удзельнікаў "партызанскай групы" анархістаў. Як паведамляе Радыё Свабода, гэта 15 лістапада (пачатак — а 10-й гадзіне). Крымінальную справу будзе разглядаць Мінскі абласны суд. Па ёй праходзяць Ігар Аліневіч, Дзмітрый Дубоўскі, Сяргей Раманаў і Дзмітрый Разановіч. Дату ў лістах на волю назвалі Дубоўскі і Раманаў. Яе пацвердзіў абаронца Аліневіча. Чакаецца, што суд будзе адкрыты (прынамсці, першае пасяджэнне).
Пра тое, што ў суд накіравана крымінальная справа групы анархістаў, Генпракуратура паведаміла месяц таму. Хлопцам інкрымінуюць здзяйсненне "актаў тэрарызму", "незаконныя дзеянні ў адносінах агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў". Іх затрымалі ў кастрычніку мінулага года каля ўкраінскай мяжы. Было заяўлена, што ўдзельнікі групы падпалілі аддзел ДАІ ў Мазыры і аўтамабілі каля будынка пракуратуры ў Салігорску.
У лютым 2021 года КДБ уключыў удзельнікаў групы Ігара Аліневіча ў "спіс арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.