У Мінску падчас хакейнага чэмпіянату злавілі 358 прастытутак і 1 прастытута
Беларуская міліцыя апублікавала статыстыку барацьбы за "маральную бяспеку сталіцы".
Яе, дарэчы, забяспечвалі не толькі мінскія праваахоўнікі, але і міліцыянеры з рэгіёнаў. Як адзначае прэс-служба МУС Беларусі, адсутнасць прастытутак на вуліцах і ў гасцініцах "вельмі здзівіла замежнікаў".
З 358 затрыманых у Мінску прастытутак 199 прапаноўвалі сэкс-паслугі праз інтэрнэт, 132 "працавалі" на гарадскіх вуліцах і прылеглых аўтатрасах (сярод іх былі дзве цяжарныя жанчыны), 27 — у гасцініцах і начных клубах. Амаль усе яны атрымалі штраф ці адміністрацыйны арышт. На самых "шалёных" склалі пратаколы за непадпарадкаванне міліцыянерам і дробнае хуліганства.
Сярод тых, хто прапаноўвалі свае сэкс-паслугі праз інтэрнэт, выявілі і геяў. Адзін мужчына-замежнік "нетрадыцыйнай арыентацыі" быў затрыманы, яго чакае дэпартацыя з Беларусі. Пагражае дэпартацыя на радзіму і дваім украінкам, якія займаліся прастытуцыяй у адной з мінскіх гасцініц.
Варта адзначыць, што быў звольнены кіроўца таксі, які каля "Мінск-Арэны" пагадзіўся падшукаць свайму кліенту прастытутку.
Фота — AFP