У Мінску руйнуюць будынак пратэстанцкай царквы "Новае жыццё"
Знішчаецца будынак царквы / t.me/christianvision/
У Мінску руйнуюць будынак пратэстанцкай царквы "Новае жыццё". Фота з будаўнічай тэхнікай і першымі разбурэннямі змясціў тг-канал @christianvision.
"Новае жыццё" з 1990-х займала адрамантаваны ўласнымі сіламі былы занядбаны кароўнік. З пачатку 2000-х улады пачалі царкву высяляць. У 2005-м рэлігійную грамаду пазбавілі права карыстання зямельным участкам (раней ён быў атрыманы бестэрмінова), у 2009-м — права ўласнасці на будынак. У 2020-м суд прыняў рашэнне аб вызваленні будынка да канца года, інакш вернікам пагражала прымусовае высяленне. На месцы царквы ўлады збіраюцца пабудаваць школу.
Зімой 2021-га вернікаў "Новага жыцця" прымусова выселілі з іх малітоўнага дома. У выніку яны маліліся на вуліцы побач з былой царквой, збіраліся там у нядзелі.
Летась пастара пратэстанцкай царквы "Новае жыццё" Вячаслава Ганчарэнку затрымалі і аштрафавалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.