Пастар "Новага жыцця": з нас патрабуюць амаль 180 тысяч долараў

Пастар "Новага жыцця": з нас патрабуюць амаль 180 тысяч долараў

Вернікам царквы "Новае жыццё" не даюць іншы будынак і патрабуюць заплаціць падатак за зямлю. Пра гэта пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка распавёў у каментары газеце "Народная Воля".

Вернікаў "Новага жыцця" прымусова выселілі з іх малітоўнага дома 19 лютага. "Вайну" з імі мінскія ўлады вялі каля 15 гадоў. 

Па словах пастара, вернікі ўжо два месяцы моляцца на вуліцы — на аўтастаянцы побач з былой царквой. Царкве не аддаюць будынак, але і не даюць новае памяшканне.

"На тое, каб праводзіць службы ў адміністрацыйных будынках, усё роўна патрэбны дазвол Мінгарвыканкама. І падчас гутаркі з гарадскімі чыноўнікамі нам стала зразумела, што памяшканне дадуць толькі пры ўмове, што мы аплацім доўг, які мы як быццам вінны ЖРЭА. Хочуць павесіць на нас падатак на зямлю, хаця, калі б будынак не забралі, царква была б вызвалена ад такога падатку. А патрабуюць заплаціць ні многа ні мала — каля 180 тысяч долараў! Адным словам, сітуацыя тупіковая. Памяшканне нам не хочуць аддаваць, а мы не хочам плаціць такую суму, бо царква не павінна плаціць", — заяўляе Ганчарэнка.

Па яго словах, міліцыянты не перашкаджаюць вернікам маліцца, хаця часам прыязджаюць міліцэйскія машыны. А было, што сходы вернікаў здымалі з дрона. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі