У Гродне пасля даносу Бондаравай адмянілі лекцыю біблеісткі Ірыны Дубянецкай
Ірына Дубянецкая
У Гродзенскім пабе Harats адмянілі лекцыю біблеісткі, супрацоўніцы Інстытута філасофіі НАН РБ Ірыны Дубянецкай. У сацсетках установы з'явілася паведамленне, што "Вечар беларускай магіі" адмяняецца "з тэхнічных прычын". На гэта звярнуў увагу рэсурс "Медыязона".
Мерапрыемства павінна было прайсці ў нядзелю. Але днём прарасійская актывістка Вольга Бондарава напісала ў сябе ў сацсетках, што "на жаль, няма закона, які перашкодзіў бы бчбэшніцы разбураць хрысціянскія асновы дзяржавы". Яна таксама задалася пытаннем, куды глядзіць "ідэалогія", "ці ведае пра мерапрыемства, што мае адбыцца" і "ці ўхваляе". Увечары Бондарава ўжо дзякавала за "выразную пазіцыю і якасную працу ў няўрочны час".
Ірына Дубнецкая — доктар багаслоўя. Працавала ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры, выкладала на філалагічным факультэце БДУ, Інстытуце замежных моў, Акадэміі мастацтваў. У канцы 1980-х гадоў была сябрам суполкі "Талака", якая займалася адраджэннем беларускай культуры. Доктарскую дысертацыю абараніла па тэме "Космас і хаос у яўрэйскай Бібліі і міфалогіях Старажытнага Блізкага Усходу". З'яўляецца членам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Аб працоўнай дзейнасці Вольгі Бондаравай амаль нічога не вядома. Некаторы час яна працавала адказным сакратаром у газеце камуністаў "Товарищ", але пасля рэзкіх заяў на адрас Лукашэнкі КПБ завяршылі адносіны з даносчыцай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.