У мясцовыя дэпутаты Варшавы балатуецца этнічны беларус

Радаслаў Пусько

Радаслаў Пусько / фота з яго акаўнту ў Фэйсбуку

На выбары ў мясцовыя органы самакіравання Варшавы балатуецца этнічны беларус Радаслаў Пусько, піша MOST. Выбары прызначаныя на 7 красавіка. Радаслаў ідзе ў дэпутаты Рады варшаўскага раёна Бяляны.

Сам ён нарадзіўся ў Беластоку і мае беларускае паходжанне. Яго дзядуля па бацьку родам з Ліды, а бабуля — з вёскі Крывічы. Пусько прымаў чынны ўдзел у справах беларускай меншасці Падляшша. Таксама ён падтрымліваў дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі: падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Радаслаў арганізаваў акцыю пад беларускім консульствам у Беластоку. Пасля гэтага, як прызнаецца сам, дзесяць гадоў асцерагаўся ездзіць у Беларусь.

Каля шасці гадоў таму мужчына балатаваўся ў дэпутаты Рады Беластока. Як кажа Радаслаў, ён стаў першым чалавекам у посткамуністычнай Польшчы, хто на сваіх перадвыбарных плакатах выкарыстоўваў кірыліцу — лозунг "Будуйма супольнасць!".

Апошнія чатыры гады Пусько жыве ў Варшаве, дзе цяпер склалася вялікая беларуская дыяспара. Ён працуе ў Бялянскім інтэгратары прадпрымальнікаў. Гэта ўстанова пры адміністрацыі раёна Бяляны, якая дапамагае прадпрымальнікам. Таксама памяшканні інтэгратара выкарыстоўваюцца жыхарамі як каворкінг, тут праводзяцца сустрэчы, кансультацыі, навучанне.

Пусько тлумачыць, чаму ён вырашыў вылучацца на мясцовыя выбары: "Мясцовыя выбары — найважнейшыя выбары для Польшчы. Гэта самакіраванне вырашае, дзе будзе дарога, дзе з’явяцца школа, дзіцячы садок альбо яслі. Гэта самакіраванне вырашае, колькі грошай будзе выдадзена на культуру ці на няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца культурай. Гэта ўсё ў кампетэнцыі самакіравання. Таму мясцовыя выбары — гэта мегаважная рэч".

Па яго словах, як раённы дэпутат ён зможа прапаноўваць тэмы, рашэнні, удзельнічаць у кансультацыях, выказваць сваё меркаванне. Радаслаў хоча стаць "голасам вольных беларусаў" у Варшаве.

"І калі я буду мець магчымасць дапамагаць у беларускіх справах, то дакладна буду яе выкарыстоўваць. Калі да мяне нехта прыйдзе з прапановай нейкіх дзеянняў, то я змагу гэтыя прапановы перадаць далей — да Рады горада Варшавы, да прэзідэнта Варшавы. Як раённаму дэпутату мне будзе лягчэй дайсці да людзей, якія прымаюць рашэнні", — тлумачыць ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі