У МЗС Польшчы адказалі на запрашэнне паназіраць за вайсковымі вучэннямі АДКБ
Вучэнні АДКБ "Баявое братэрства" пачаліся ў Беларусі 1 верасня / @modmilby
У Міністэрстве замежных спраў Польшчы не ўспрынялі сур'ёзна запрашэнне Беларусі паназіраць за вайсковымі вучэннямі АДКБ "Баявое братэрства — 2023". Што такое запрашэнне было, 31 жніўня заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён тады казаў, што "мы гатовыя да аднаўлення добрых адносін са сваімі суседзямі".
"Белсат" накіраваў запыт у МЗС Польшчы з пытаннем, ці было запрашэнне і як на яго адказалі. У польскім знешнепалітычным ведамстве пацвердзілі, што запрашэнне прыходзіла. Паназіраць за вучэннямі запрашалі дыпламатаў, якія знаходзяцца ў Мінску. Але ў Варшаве палічылі, што "на фоне ўсіх правакацыйных беларускіх дзеянняў супраць Польшчы, якія ўплываюць на істотнае пагаршэнне сітуацыі ў рэгіёне", запрашэнні такога кшталту выглядаюць як прапагандысцкія дзеянні.
"Яны не спрыяюць павелічэнню ўзаемнага даверу або рэальнай празрыстасці дзеянняў", — растлумачылі ў МЗС Польшчы. У адказе таксама пералічваліся дзеянні Беларусі супраць Польшчы, якія выклікаюць трывогу і бачацца як правакацыйныя: міграцыйны прэсінг, вучэнні ля межаў, прысутнасць наймітаў групы "Вагнер", непрыязныя выказванні Лукашэнкі і інфармацыя пра размяшчэнне ядзернай зброі.
Вучэнні “Баявое братэрства — 2023" пачаліся 1 верасня і працягнуцца да 6-га. У іх бяруць удзел вайскоўцы дзяржаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы: Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Прадстаўнікі Арменіі адмовіліся ўдзельнічаць у вучэннях — Ерэван раней дапускаў выхад з АДКБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.