У Польшчы прыведзены да прысягі новы ўрад краіны
Анджэй Дуда і Дональд Туск
Новы ўрад Польшчы афіцыйна прыступіў да працы. Прэзідэнт краіны Анджэй Дуда прывёў да прысягі прэм'ер-міністра Дональда Туска і яго міністраў, а таксама падпісаў пастанову аб прызначэнні ўрада.
Кандыдатуру Туска на пасаду кіраўніка ўрада прапанаваў Сейм пасля таго, як адмовіў ў даверы кабінету Матэвуша Маравецкага. Менавіта Маравецкаму пасля выбараў у Сейм Дуда прапанаваў сфармаваць новы ўрад. Але партыі "Права і справядлівасць", прадстаўніком якой з'яўляецца Маравецкі, не хапіла галасоў у Сейме. Тады парламенцкая кааліцыя, якую сфармавалі партыі "Грамадзянская платформа", "Трэці шлях" і "Левыя" прапанавалі свайго кандыдата Дональда Туска. І гэтую прапанову Сейм падтрымаў. Туск ужо ўзначальваў польскі ўрад у 2007-2014 гадах.
Лідар беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская ўжо павіншавала Туска з абраннем і выказала надзею на цеснае супрацоўніцтва. Польскі публіцыст і палітычны аналітык Славамір Серакоўскі ў інтэрв'ю Еўрарадыё выказаў здагадку, што новыя ўлады Польшчы будуць яшчэ больш прынцыповымі ў пытанні Беларусі і больш рэзкімі ў дачыненні да Лукашэнкі, чым урад Маравецкага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.