"Спадзяюся на супрацоўніцтва". Ціханоўская звярнулася да новага прэм'ера Польшчы

Святлана Ціханоўская і Дональд Туск

Святлана Ціханоўская і Дональд Туск / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская павіншавала Дональда Туска з прызначэннем на пасаду прэм'ер-міністра Польшчы. Яна падзякавала Туску за дапамогу, якую ён аказвае Беларусі на працягу многіх гадоў, і выказала надзею на "цеснае супрацоўніцтва, якое паскорыць дэмакратычныя працэсы ў нашай краіне". Паводле яе слоў, для беларускай дэмакратычнай супольнасці зараз "асабліва важнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, у тым ліку журналіста Анджэя Пачобута".

"Я ўпэўнена, што ваша лідарства і здольнасць мець стратэгічнае бачанне стануць моцным стымулам для ўмацавання і развіцця польска-беларускіх адносін", — падкрэсліла Ціханоўская.

Напярэдадні Сейм Польшчы так і не зацвердзіў часовы ўрад Матэвуша Маравецкага. Новым прэм'ерам быў абраны Дональд Туск. За яго прагаласавала кааліцыя партый, якая атрымала большасць на нядаўніх выбарах у Сейм. Кандыдатуру Туска падтрымалі 248 дэпутатаў, супраць выказаўся 201. Туск раней ужо ўзначальваў урад Польшчы — з 2007 па 2014 год. Затым ён двойчы абіраўся старшынёй Еўрасавета, вышэйшага палітычнага органа Еўрасаюза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі