У расійскіх гарадах пачаліся акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага (відэа)
У Кіраве два чалавекі былі затрыманыя падчас несанкцыянаванага мітынгу і шэсця ў падтрымку апазіцыянера.
Адначасова з гэтым і ў іншых расійскіх гарадах пачалі збірацца народныя сходы, прысвечаныя суду над Навальным. Як адзначае РБК, такія паведамленні паступаюць з Краснаярска, Омска, Уфы, Пермі, Пецярбурга.
Паводле Канстытуцыі Расіі, правядзенне народных сходаў не патрабуе дазволу з боку ўлады. Аднак паліцыя мае іншае меркаванне і кваліфікуе такія выступы як несанкцыянаваныя акцыі.
Самы маштабны мітынг анансаваны сёння ў Маскве на Манежнай плошчы. Акцыя пратэсту павінна пачацца а 18-й паводле мінскага часу. Пра намер прыйсці на плошчу ўжо заявілі 7 тысяч карыстальнікаў Facebook. Раніцай рабочыя раптам пачалі перакладаць на пляцы плітку, а побач з Манежнай ужо дзяжураць аўтобусы паліцыі.
На акцыю збіраюцца прыйсці і палітыкі, якія балатуюцца ў мэры Масквы і губернатары Падмаскоўя — Сяргей Мітрохін і Генадзь Гудкоў. Яны прапанавалі правесці акцыю ў фармаце перадвыбарнай сустрэчы.
Фота — ria.ru