У справаздачу ПАСЕ ўключылі меркаванне “некаторых апазіцыянераў” пра Караткевіч
Выніковая справаздача дэлегацыі назіральнікаў ПАСЕ апублікаваная на сайце гэтай арганізацыі. Сярод іншага дакумент утрымлівае кароткія характарыстыкі ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты на нядаўніх выбарах у Беларусі. З апісаннем праграм, выбарчымі лозунгамі і іншай асноўнай інфармацыяй. Пры гэтым у абзацы, які апісвае кандыдатуру Таццяны Караткевіч, ёсць звесткі аб меркаванні “некаторых апазіцыянераў”:
“Спадарыня Караткевіч была першай жанчынай-кандыдатам, якая балатавалася на пасаду прэзідэнта Беларусі. Яна з'яўляецца членам Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, актывісткай руху "Гавары праўду". Лозунг яе выбарчай кампаніі быў "За мірныя перамены”. Яе выбарчая платформа арыентавалася на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Ніводная апазіцыйная партыя не падтрымала яе кандыдатуру. На сустрэчы з дэлегацыяй ПАСЕ у Мінску 8 верасня 2015 года некаторыя прадстаўнікі апазіцыі адкрыта ставілі пад сумнеў яе незалежнасць у адносінах з кіруючай уладай у краіне”, — сцвярджаецца ў справаздачы ПАСЕ.
Таццяна Караткевіч на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, набрала 4,42% галасоў. Яе штаб сцвярджае, што насамрэч было 25-30%. Пераважная большасць апазіцыйных партый у выбарах не ўдзельнічала альбо заклікала іх байкатаваць.