Універсальны сродак ратавання пры адзіночным нападзе — бегчы

Універсальны сродак ратавання пры адзіночным нападзе — бегчы

Апошнімі тыднямі Еўропу захліснула хваля ўзброеных нападаў. Яна пачалася з выпадку ў цягніку недалёка ад горада Вюрцбурга ў Баварыі 18 ліпеня. Тады пяць чалавек былі параненыя узброеным сякерай уцекачом з Афганістана. 22 ліпеня узброены пісталетам малады іранец застрэліў дзевяць чалавек у Мюнхене, а затым застрэліўся сам.

У нямецкім Ройтлінгене 24 ліпеня сірыйскі ўцякач каля аўтобуснага вакзала забіў сваю цяжарную знаёмую і яшчэ двух чалавек параніў. Увечары гэтага ж дня ў Ансбаху (Баварыя) ля ўвахода на іпадром, дзе праходзіў музычны фестываль, 27-гадовы сірыец падарваў сябе. Выбухам параніла 15 чалавек, сам злачынца загінуў.

26 ліпеня ў прадмесці Руана, што на поўначы Францыі два маладыя чалавекі захапілі царкву, забілі 84-гадовага святара, цяжка паранілі аднаго з прыхаджан. Паліцэйскія вызвалілі закладнікаў і застрэлілі злачынцаў. Увечары таго ж дня ў гандлёвым цэнтры шведскага горада Мальмё невядомы адкрыў агонь. Паранены адзін чалавек.

Многія аналітыкі сцвярджаюць, што гэтыя злачынствы падобныя на хвалю гвалту, якая захліснула Ізраіль з кастрычніка мінулага года і была празваная “Інтыфада нажоў” (інтыфада (ад арабскага “паўстанне”) — узброеная барацьба палестынскіх арабаў супраць Ізраіля).

Універсальны сродак ратавання пры адзіночным нападзе — бегчы

Гэтак жа мяркуе і ізраільскі журналіст Барыс Штэрн. Па яго словах, падчас гэтай інтыфады ледзь не кожны тыдзень у краіне здараюцца напады з прымяненнем нажоў або аўтамабільныя тэракты.

“Як толькі гэта ўсё пачалося, службы бяспекі адразу паведамілі, што гэта не арганізаваная спланаваная акцыя, за якой стаіць адна буйная арганізацыя. Тут гутарка вядзецца пра дзеянні адзіночак, якія прадказаць амаль немагчыма. Але ізраільская паліцыя спрабуе кантраляваць сітуацыю”, — кажа журналіст.

На яго думку, цяпер праваахоўнікі нашмат больш сур’ёзна пільнуюць сацыяльныя сеткі. Да прыкладу, акурат на гэтым тыдні была арыштаваная ізраільская арабка, якая напісала ў Фэйсбуку, што хоча стаць шахідкай.

У Ізраілі тэракты прадухіляюцца з дапамогай больш частых і пільных праверак дакументаў, дзякуючы якім стала магчымым выкрываць людзей з халоднай ці агнястрэльнай зброяй.

Універсальны сродак ратавання пры адзіночным нападзе — бегчы
Фота: AFP

Барыс Штэрн кажа, што ўніверсальны сродак ратавання падчас нажавых нападаў адзін — бегчы. Падчас чарговай хвалі тэрарыстычнай актыўнасці ў Ізраілі спецыялісты распрацоўвалі пэўныя рэкамендацыі бяспекі для людзей на вуліцах. Напрыклад, на аўтобусных прыпынках раілі стаяць такім чынам, каб нікога не было за спінай. Раілі сачыць за паводзінамі людзей, якія знаходзяцца побач, і пры любых неадэкватных праявах паведамляць у паліцыю. І, вядома, у выпадку нападзення, збягаць.

“Людзям спрабуюць патлумачыць, якім чынам на гэта можна рэагаваць, але кожны раз гэта адбываецца па-новаму. Да гэтага немагчыма быць гатовым. Нават ва ўмовах Ізраіля, дзе амаль усё насельніцтва служыла ў войску ці мае элементарную баявую падрыхтоўку”, — тлумачыць журналіст.

Нягледзячы на тое, што “бегчы” — сродак універсальны, дадае Барыс Штэрн, некаторыя тэракты ў Ізраілі былі прадухіленыя мясцовымі жыхарамі, якія выкарыстоўвалі ўласную зброю яшчэ да прыезду паліцыі. У гэтай краіне ёсць легальная магчымасць мець зброю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі