"Тэрарысты" прарываліся на БелАЭС на лакаматыве
Спецназ спыняе лакаматыў
Сталі вядомыя падрабязнасці антытэрарыстычных вучэнняў, якія прайшлі ў Астравецкім раёне. У ім удзельнічалі супрацоўнікі КДБ, МУС, Следчага камітэта, ратавальнікі, вайскоўцы, медыкі і чыноўнікі.
Паводле легенды вучэння, "бандфармаванне" паспрабавала прарвацца на БелАЭС. Для гэтага быў захоплены лакаматыў. На відэа відаць, што ў "тэрарыстаў" была стралковая зброя і гранаты. Што яны планавалі зрабіць у выпадку прарыву на станцыю, невядома.
Лакаматыў перахапілі байцы спецпадраздзялення КДБ "Альфа" і САХР, умоўных "тэрарыстаў" ліквідавалі.
Нядаўна ў Астравецкім раёне адпрацавалі дзеянні на выпадак радыяцыйнага забруджвання. Паводле легенды вучэнняў (яны таксама анансаваліся, каб не напалохаць людзей), на АЭС адбылася аварыя, частку раёна прызналі забруджанай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.