У Мінск прыехалі натоўпы людзей, каб прагаласаваць у амбасадзе Малдовы
Натоўп людзей ля амбасады Малдовы ў Мінску
Грамадзяне Малдовы арганізавана прыехалі з Расіі, каб прагаласаваць у Мінску. Пра гэта паведамляюць праўладныя медыя. У Малдове сёння праходзіць другі тур прэзідэнтскіх выбараў, якія маюць вызначыць, ці пойдзе краіна далей еўрапейскім шляхам ці вернецца ў абдымкі Крамля.
Малдаўскія палітыкі заяўлялі пра умяшальніцтва Расіі ў выбары ўжо ў першым туры. Тады, піша Newsmaker, расійскія СМІ і тг-каналы публікавалі відэа чэргаў да выбарчых участкаў у Расіі. У адказ МЗС Малдовы заявіў, што іх стварылі штучна, "каб паставіць пад пагрозу выбарчы працэс".
Сёння пралукашэнкаўскія дзяржмедыя публікуюць відэа, на якіх натоўпы людзей нібыта з Курскай вобласці Расіі ідуць галасаваць у амбасаду Малдовы ў беларускай сталіцы.
"Мы сюды прыехалі, каб галасаваць за будучыню нашай краіны. Падумалі, што ў Маскве будзе шмат жадаючых прагаласаваць, і там толькі 10 тысяч бюлетэняў. Нам хаця б крыху ўнесці свой уклад", — кажа Вольга Карней.
Жанчына сцвярджае, што ў першым туры яна прагаласавала ў Расіі, а для ўдзелу ў другім прыехала ў Беларусь.
У Мінску ўзяць удзел у выбарах прэзідэнта Малдовы можна на адзіным участку для галасавання, які адкрыты ў амбасадзе гэтай краіны.
У другім туры ўдзельнічаюць праеўрапейскі палітык і дзейны прэзідэнт Мая Санду і былы генпракурор Аляксандр Стаяногла, якога падтрымала Партыя сацыялістаў. У першым туры Санду набрала 42,49% галасоў, Стаяногла — 25,95%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.