Ва Украіне арыштавалі актывы кампаніі, запісанай на дачку беларускага алігарха
Ва Украіне праваахоўныя органы арыштавалі актывы прыватнай кампаніі "Санта Холод Україна". Яна зарэгістраваная на кіпрскую кампанію "Ньюрайд Сэрвісес Лімітэд", чыёй уласніцай з'яўляецца Яна Машэнская, паведамляе Радыё "Свабода".
Гэта дачка вядомага беларускага бізнесоўца Аляксандра Машэнскага — аднаго з бенефіцыяраў беларуска-нямецкага прадпрыемства "Санта Брэмар".
Пра арышт актываў кампаніі стала вядома толькі цяпер, бо яе прадстаўнік звярнуўся ў суд. Фірма просіць скасаваць арышт рахункаў, каб аплаціць камунальныя паслугі, ахову, а таксама паліва. Аднак суд скасаваць арышт рахункаў адмовіўся.
Маёмасць кампаніі "Санта Холод Україна" арыштавалі па крымінальнай справе, пачатай за злоўжыванне паўнамоцтвамі службовай асобы і фінансаванне дзеянняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Украіны.
Як адзначае статут кампаніі, асноўным відам яе дзейнасці была перапрацоўка і кансерваваньне рыбы, ракападобных і малюскаў. Таксама кампанія Яны Машэнскай мела ліцэнзіі на перапрацоўку і кансерваваньне гародніны і садавіны, на гуртовы і раздробны гандаль прадуктамі харчавання і офіснай мэбляй, фінансавы лізінг, арэнду і кіраванне ўласнай ці арандаванай маёмасцю і нават распрацоўку будаўнічых праектаў.
Да 7 снежня 2020 года адзіным бенефіцыярам украінскай кампаніі быў Аляксандр Машэнскі. Яму ж належала і кіпрская кампанія, на якую аформлі ўкраінскі бізнес.
Але цяпер уласніцай кіпрскай кампаніі пазначаная Яна Машэнская, ягоная дачка. У дакументах кампаніі пазначана, што Машэнская жыве ў Лімасоле. Сама яна ў сацсетках піша, што жыве ў Вялікабрытаніі.
Як адзначае "Свабода", беларускія кампаніі ва Украіне пачыналі змяняць склад бенефіцыяраў у сувязі з санкцыямі ЕС супраць іх уласнікаў ці заснавальнікаў. Машэнскі, дарэчы, пад санкцыі ЕС не трапіў, хаця некалькі разоў яго ўключалі ў чарнавыя санкцыйныя спісы. У 2022 годзе яго імя выкраслілі з шостага пакету санкцый ЕС дзякуючы заступніцтву Венгрыі.
Ва Украіне У Машэнскага ёсць яшчэ дзве кампаніі. "Санта Україна" — гэта даччыная кампанія "Санта Брэмар" і дыстрыб’ютар яе прадукцыі ва Украіне.
У 2012 годзе Машэнскі зарэгістраваў ва Украіне ТАА "Екотехнік Велика Добронь". Яна займаецца будаўніцтвам электрастанцый. Ёй пабудаваная сонечная электрастанцыя ў вёсцы Вялікая Добрань Ужгарадскага раёна Закарпацкай вобласці і фотагальванічная электрастанцыя ў горадзе Бар Барскага раёна Вінніцкай вобласці.
Пра рахункі гэтых дзвюх кампаній пакуль нічога не вядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.