Віктара Каліну разбанілі ў Пружанах

Віктара Каліну разбанілі ў Пружанах

20 лютага шансанье Віктар Каліна прыедзе з канцэртам у Пружаны. Дагэтуль ён некалькі гадоў там не выступаў, бо ў 2011 годзе сарваў канцэрт у мясцовым Палацы культуры.

“Была справа — Каліна проста не з'явіўся на канцэрт і нікога не папярэдзіў. Нават яго адміністратар не ведаў, што адбываецца! Пасля мы ў інтэрнэце чыталі, што ў той жа вечар дзень народзінаў жонкі Каліны адзначалі недзе ў Маскве. Можа, там ён і быў — ва ўсякім выпадку, дакладна, што не ў нас”, — расказвала пра гэты выпадак дырэктарка канцэртнай пляцоўкі Алёна Лосева.

Пазней высветлілася, што замест Пружанаў Каліна выступаў на дні народзінаў у жонкі расійскага шансанье Славы Мядзяніка. Гарадскія ўлады вырашылі, што такое свавольства дараваць нельга і Віктар Каліна больш ніколі не выйдзе на пружанскія падмосткі.

Але час прайшоў, і з ім мінулі ўсе крыўды. Забарону на канцэрты Віктара Каліны ў Пружанах знялі. 20 лютага спявак прыедзе ў райцэнтр і выступіць перад мясцовымі жыхарамі. А тая ж Алёна Лосева называе мінулую забарону трызненнем.

“Ніхто такога не казаў ніколі, адкуль вы гэта ўзялі? Не выдумляйце, — расказвае Еўрарадыё дырэктарка Палаца культуры. — Усё добра. Як і любы беларускі артыст, ён мае права выступаць перад прыхільнікамі сваёй творчасці. Канцэрт запланаваны і адбудзецца”.

Віктара Каліну разбанілі ў Пружанах
Афіша канцэрта ў Пружанах

Што праўда, тайная забарона на выступы Віктара Каліны ў Пружанах усё ж была. Шансанье на сваім сайце расказвае пра тое, як даведаўся пра яе (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя):

“Не смотря на не обеденное время, директор дома культура, культурно пережёвывая пищу во рту, в грубой форме отказала в проведении концерта, до словно ответив: «Калина в нашем городе запрещён пожизненно! Из интернета мы узнали, что он за человек и работать с ним не будем! Это моё мнение и мнение моего руководителя и руководителя райисполкома». Так как мой директор разговаривала при мне по громкой связи, и я конечно всё слышал, мы просто пришли в шок от сказанного этим работником культуры”.

Каліна звярнуўся ў Генеральную пракуратуру. І пад канец 2017 года атрымаў ад Лосевай ліст з прабачэннямі:

Віктара Каліну разбанілі ў Пружанах
Ліст з прабачэннямі ад дырэктаркі Палаца культуры ў Пружанах / Скрыншот Еўрарадыё

Нехта даступна растлумачыў пружанскім чыноўнікам ад ідэалогіі і культуры, што за чалавек Віктар Каліна і чаму яму ўсё ж можна выступаць. Нагадаем, артыст адкрыта падтрымлівае так званыя “ЛНР” і “ДНР”, займае антыўкраінскую пазіцыю. 

Некалькі дзён таму ў Докшыцах адмянілі яго выступленне, бо цэнтр культуры не прадаў ніводнага білета.

Віктара Каліну разбанілі ў Пружанах
Адмена канцэрта ў Докшыцах

Перад тым канцэртам мясцовыя актывісты стварылі петыцыю супраць выступлення спевака ў раённым цэнтры. Што праўда, у іншых райцэнтрах (напрыклад, у Слоніме) канцэрты Віктара Каліны праходзяць, і больш-менш паспяхова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі