Войска ў Зімбабвэ адкрыла агонь па людзях, нязгодных з вынікам выбараў

Войска ў Зімбабвэ адкрыла агонь па людзях, нязгодных з вынікам выбараў

У Зімбабвэ 1 жніўня салдаты адкрылі агонь па дэманстрантах, якія пратэстуюць супраць вынікаў парламенцкіх выбараў, перадае "Нямецкая хваля". На выбарах кіруючая партыя ЗАНУ-ПФ атрымала ў парламенце абсалютную большасць месцаў. 

Пры страляніне загінуў прынамсі адзін дэманстрант, які атрымаў кулявое раненне ў жывот.

Пратэстоўцы сабраліся каля будынку ЦВК. Войска прыгнала туды танкі і бронетранспарцёры. Спярша паліцыя выкарыстала супраць дэманстрантаў слезацечны газ і вадамёты. Калі тыя сталі ў адказ закідваць паліцыянтаў камянямі, у канфлікт умяшаліся вайскоўцы. 

Зімбабвійская апазіцыя, якую прадстаўляе "Рух за дэмакратычныя перамены", вінаваціць кіруючую партыю ЗАНУ-ПФ у падтасоўцы вынікаў галасавання, якое прайшло два дні таму. Афіцыйна абвешчана, што ЗАНУ-ПФ атрымала дзве траціны месцаў у парламенце. Гэта азначае, што кіруючая партыя можа мяняць канстытуцыю краіны на свой густ.

Назіральнікі з Еўрасаюза назвалі выбары ў Зімбабвэ свабоднымі, але несправядлівымі. Паводле іх звестак, выбаркамы і СМІ ў Зімбабвэ дзейнічалі неаб'ектыўна. Таксама ёсць звесткі пра запалохванне выбарцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі