Выбары ў КР могуць аднавіць цікавасць беларусаў да дэмакратычнага руху — Ягораў
Пытанне мэтазгоднасці выбараў у КР абмеркавалі на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай
Грамадская падтрымка дэмакратычнага руху ўнутры Беларусі змяншаецца, дэмрух страчвае ўвагу актывістаў, якія знаходзяцца ў краіне. Такое меркаванне выказаў кіраўнік Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў на сустрэчы дэлегатаў КР. Яго меркаванне прыводзіць рэсурс "Позірк".
У сустрэчы дэлегатаў КР у Варшаве ўзялі таксама ўдзел Святлана Ціханоўская і сябры Аб'яднанага пераходнага кабінета. На думку Ягорава, адной з задач дэмакратычнага руху на цяперашнім этапе з'яўляецца падтрымка структур грамадзянскай супольнасці ў самой Беларусі. Мабілізаваць актыўных грамадзян маглі б выбары новага складу Каардынацыйнай рады. А гэта, у сваю чаргу, можа закласці асновы для стварэння ў будучыні сумеснага руху, выказаў меркаванне Ягораў.
Нагадаем: у канцы верасня стартавалі адкрытыя дэбаты аб выбарах у новы склад Каардынацыйнай рады. Частка актывістаў выступае за выбары, а частка — супраць.
Дададзім таксама, што падчас учарашняй сустрэчы са Святланай Ціханоўскай Каардынацыйная рада вылучыла 8 кандыдатаў для ўдзелу ў стратэгічным дыялогу ў ЗША. Сустрэча адбудзецца ў снежні. Беларусь на ёй будуць прадстаўляць Дзмітрый Крук, Андрэй Ягораў, Таццяна Хоміч, Таццяна Марыніч, Алена Жываглод, Павел Церашковіч, Наталля Белікава, Яраслаў Бекіш. На сустрэчы ў Вашынгтоне будзе абмяркоўвацца выпрацоўка сумесных стратэгічных мер з ЗША адносна дэмакратычных трансфармацый Беларусі, механізмы падтрымкі грамадзянскай супольнасці і шэраг іншых пытанняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.