Выезд аўтобуса з Варшавы затрымаўся на 20 гадзін. Ці можна атрымаць кампенсацыю?

Шмат рэйсаў было перанесена

Шмат рэйсаў было перанесена / 34travel.me

Праз чэргі на выезд з Беларусі ў Польшчу пасажырскія аўтобусы не паспяваюць своечасова адправіцца ў зваротны шлях — з Варшавы ў Баранавічы, Мінск і іншыя беларускія гарады.

Слухачы Еўрарадыё сутыкнуліся з пераносамі рэйсаў з вакзала "Варшава Заходняя" аж на 20 гадзін.

Пры гэтым смскі пра затрымку прыходзяць далёка не ўсім. Людзі праводзяць доўгія гадзіны на вакзалах у чаканні і невядомасці. А тыя, каго перавозчыкі ўсё ж папярэджваюць пра перанос рэйса, часта вымушаныя шукаць жыллё яшчэ на адну ноч. Ці зноў жа бавіць час на не асабліва зручным сядзенні на вакзале…

Ці можна ў такой сітуацыі дамагчыся кампенсацыі за страчаны час і выдаткаваныя грошы? Мы пагаварылі пра гэта з перавозчыкам і спыталі меркаванне юрысткі.


Кампенсацый і зніжак не будзе

У кампаніі Ecolines, аўтобусы якой ішлі з вялікім спазненнем, журналісту тлумачаць, што рэйсы пераносяцца праз вялікую колькасць аўтобусаў на мяжы, і гэта не залежыць ад перавозчыка.

Калі ідзе перанос рэйса, мы робім смс-рассылку ўсім пасажырам. Па тых кантактах, якія вы пакінеце пры куплі білета, мы будзем спрабаваць з вамі звязацца і папярэдзіць, — расказвае супрацоўніца кол-цэнтра.

Але па факце смскі прыходзяць не ўсім. Еўрарадыё вядома пра выпадкі, калі пасажыры выселіліся з гатэля ў Варшаве, адправіліся на вакзал, а потым, даведаўшыся пра перанос рэйса, зноў вымушаныя былі шукаць жыллё. А зняць у Варшаве прыстойнае жыллё дзень у дзень — дорага.

Але супрацоўніца Ecolines адказвае, што кампанія не будзе кампенсаваць выдаткі пасажыраў за несвоечасовы выезд, як і не будзе даваць зніжку. У сітуацыі, якая склалася, яна раіць выбіраць рэйс з перасадкай у Літве — так хутчэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі