Вынікі года: "Даём рады", стразы Ланской, новыя N.R.M. і старыя "Ляпісы"

Музычны 2013. Зіма. Беларуская музычная супольнасць з цікавасцю сочыць за новай прэміяй “Даём рады”, якую ўручае рэдакцыя Еўрарадыё 1 лютага. Адзінагалосна трыўмфатарамі прэміі становяцца гурты Akute i “Дай Дарогу!”. Адны і другія з годнасцю пацвярджаюць свой высокі статус цягам года. Akute актыўна вырываюцца за межы Беларусі, амаль дапісваюць новы альбом ды нарэшце здымаюць кліп з “панажоўшчынай”.

Рэдактар Еўрарадыё Віталь Зыблюк уручае ўзнагароду гурту Akute

“Дай Дарогу!” святкуюць сваё 15-годдзе, даюць шэраг “тысячных” канцэртаў, здымаюць акустычны канцэрт у роварнай майстэрні, перазапісваюць старыя хіты і нават пераадольваюць жорсткую забарону, у якой апынаюцца з-за нелюбові брэсцкіх чыноўнікаў.

На Беларусь абрынаецца шквал канцэртаў замежных зорак. Распачынаюць Yellowcard, Zorge, De Phazz. Працягваюць Адам Ламберт, Ill Nino, Tiamat, Лана дэль Рэй, The Offspring, Depeche Mode.

“Колькасць канцэртаў і відовішчаў прама прапарцыянальныя дабрабыту народа, які ў 2013 годзе ўсё ж рос, нягледзячы на ВУП, які пратаптаўся на месцы, — тлумачыць канцэртную актыўнасць у Мінску канцэртны прамоўтар Антон Сасноўскі. — Таксама гэта звязана з тым, што рынак вялікіх гульцоў у прамоўтарскай сферы шоў-бізу вырас за кошт прыходу сюды расійскіх кампаній. То бок, Мінск разглядаецца расійскімі прамоўтарамі як прынадны рынак са сваёй стабільнасцю і пэўным салодкім прыбыткам у будучыні”.

Музычны 2013. Вясна. У Беларусі ўзнікае прэмія "Rock Profi", дзе лепшых музыкаў вызначаюць самі музыкі.

"Крама" падчас выступу на фэсце "Дзень радыё"

Еўрарадыё ладзіць фэст “Дзень радыё”, дзе граюць забароненыя музыкі, выступы якіх адмяняліся з пачатку 2011 года, а запісы ігнараваліся ў тэле- і радыёэфіры. Пасля доўгай паўзы да гледача на вялікую сцэну вяртаюцца “Крама” і Neuro Dubel.

Беларуска Алёна Ланская нарэшце едзе на “Еўрабачанне”. Для нумара ёй шыецца сукенка з 10 тысячамі камянёў Swarowski, песню мяняюць на твор бельгійскага кампазітара, за які ён не бярэ з Алёны ні капейкі. Спявачка выходзіць у фінал конкурсу. Праўда, займае там перадапошняе, 16 месца.

Адзін за адным з’яўляюцца альбомы беларускіх гуртоў — “Фобос” ад “Петли Пристрастия”, “Траўкамураўка” ад Kriwi, “Чорная панна” ад Litvintroll. Але з альбомамі ў 2013 годзе не ўсё так проста, мяркуе заснавальнік сайту “Experty.byЗміцер Безкаравайны:

“Адна з галоўных тэндэнцый года — гэта тое, што калі нават нейкія вядомыя артысты выдавалі альбомы, яны былі ў нейкай ступені расчараваннем. Той жа “Стары Ольса” мае грунтоўны альбом, нічым не горшы за альбомы гурта 5 гадовай даўніны. Але праз 5 гадоў чакалася менавіта ад майстроў, што яны пойдуць далей, але апынулася — тое самае. У іншых выканаўцаў такая ж карціна. Тая ж “Петля Пристрастия” не паказала ўсяго, на што яна здольная”.

Фестываль "Мост"

Музычны 2013. Лета. Атмасферны і душэўны фэст Beathles Shabli задае тон летнім канцэртам. Piknik.by, “Мост”, FSP, I need, “Басовішча”, “Вольнае паветра” даюць магчымасць кожнаму знайсці сваю тусоўку і сваю музыку.

Істэрычна чакаем, сустракаем, праводзім і зноў чакаем Depeche Mоde, якія абяцаюць вярнуцца і растапіць лёд на Мінск-арэне напярэдадні хакейнага чэмпіянату.

Depeche Mоde у Мінску

Музычны 2013. Восень.

Мінскія пляцоўкі працягваюць бамбіць зоркі рока ды метала. The Rasmus, Amorphis, U.D.O., Tiger Lillies, Enter Shikari прымушаюць мінскую публіку распранацца ды хадзіць на канцэрты сем’ямі.



Макс Корж — ураджэнец Лунінца з вельмі нескладанымі песнямі пра тое, што “трэба жыць у кайф і рабіць тое, што табе падабаецца” збірае “Мінск-Арэну” дзетвары са “Вконтакта”.

N.R.M. прэзентуюць новы альбом у кнігарні "ЛогвінаЎ"

Трыа N.R.M. выдаюць "першы ў XXI стагоддзі беларускі вініл", і прадаюць свой доўгачаканы “Д.П.Б.Ч.” па 500 тысяч рублёў, між іншым!


“Вельмі шмат адбылося рэлізаў, вельмі пасталелі шмат якія гурты – мае фаварыты ў гэтым годзе Re1ikt i TonqiXod, — узгадвае плюсы і мінусы музычнага 2013 года Піт Паўлаў. — Ну, і вельмі добры быў год для N.R.M. — звышудалы, можа, ніколі такога ўдалага не было. Гэта тое, што я ў плюсы запісваю. А сур’ёзныя мінусы — пагоршылася наведвальнасць канцэртаў. Зусім людзі перасталі хадзіць. Калі не браць гэтыя сенсацыйныя “максыкаржы”, то адзіны, хто больш менш справіўся з задачай напоўніць залу — гэта быў N.R.M. Астатнія — проста ніяк. І я не ведаю, што з гэтым рабіць”.



З вялікай помпай у Вільні праходзіць прэзентацыя новага альбома “Грай” “Ляпіса Трубяцкога”. Беларусы штурмуюць мяжу, чэргі з пешаходаў выстройваюцца на 2 гадзіны, а чыгунка і Мінсктранс пускаюць дадатковыя рэйсы ў Вільню “у сувязі з канцэртам гурта "Ляпіс Трубяцкой”.

"Ляпісы" ў Вільні

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі