Вызвалены палітвязень Сцяпан Талкачоў
Сцяпан Талкачоў / spring96.org
Вызвалены палітвязень Сцяпан Талкачоў, паведамляюць праваабаронцы. Ён быў за кратамі з верасня 2021 года.
Талкачова асудзіў Брэсцкі абласны суд ў жніўні 2022-га па "справе Зельцэра" на 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у "распальванні сацыяльнай варожасці ці варажнечы". Падчас суда палітвязень не прызнаў сваю віну. Тэрмін ён адбываў у бабруйскай калоніі № 2. Сцяпан Талкачоў цалкам яго адбыў.
Суды па "справе Зэльцэра" праходзілі па ўсёй Беларусі. Беларусы каментавалі здарэнне ў Мінску, калі ў выніку перастрэлкі загінулі айцішнік Андрэй Зельцэр і афіцэр КДБ Дзмітрый Федасюк. Пасля за гэтыя каментары людзей масава затрымлівалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.