Як цішком мянялі галоўнага трэнера хакейнай зборнай
Папярэдняга трэнера, Андрэя Скабелку, нават не інфармавалі пра тое, што ён канчаткова звольнены.
Глен Хэнлан прыбыў у Беларусь 29 траўня. І зразумела, што не на экскурсію.
Чакалася, што падчас трэнерскай нарады Федэрацыі хакея 30 траўня беларусам нарэшце афіцыйна паведамяць, ці здарыцца на пасадзе галоўнага трэнера змена.
На мерапрыемстве прысутнічае і кіраўніцтва хакейнай гаспадаркі Беларусі, і трэнер “Дынама-Мінск” Аляксандр Андрыеўскі, і ўсё яшчэ рулявы зборнай Андрэй Скабелка, які зачытаў даклад наконт чэмпіяната свету. Пра Глена Хэнлана не казалі ні слова, як быццам такога чалавека няма.
“Калі праводзім тут семінар, 50 чалавек сядзіць, і палова спіць, я гэтага не разумею. Калі ім чалавек дакладае, які пра хакей ведае ўсё ад А да Я, ― падымае тэму кваліфікацыі трэнерскіх кадраў рулявы Федэрацыі Яўген Ворсін. ― А ім гэта не цікава. Ён сядзіць альбо у носе калупае, альбо спіць. Ну, які гэта трэнер? А ён кажа: “А мне мала плацяць”. А я б табе зусім не плаціў і забараніў бы працаваць трэнерам”.
Апроч іншага, абмяркоўваюць мэтазгоднасць лімітаў у чэмпіянаце Беларусі, слабую сістэму дзіцяча-юнацкіх школ, дзе закупка хакейнай амуніцыі ― на адным з апошніх месцаў па выдатках.
Трэнер зборнай Андрэй Скабелка тлумачыў сваё бачанне ямы, у якую трапіў беларускі хакей:
“З зямлі куды яшчэ падаць? Якая ў нас сістэма? Гэта сістэма забаронаў (маюцца на ўвазе легіянерскі і ўзроставы ліміты. ― заўв. Еўрарадыё). А дзе сістэма развіцця?”
Тым часам разыходзіцца інфармацыя, што наш канадскі госць Глен Хэнлан прыехаў надоўга і сустракаецца з нейкім “шэрым кардыналам”. Абмяркоўвае кантракт на пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі. Выходзіць, што адбываецца гэта камбінацыя ў адсутнасць Яўгена Ворсіна.
“Вы галоўны трэнер зборнай ці ўжо не?” ― наўпрост задаем пытанне Андрэю Скабелку.
Андрэй Скабелка: “Як я магу вам адказаць!”
Еўрарадыё: Ці вядома вам нешта?
Андрэй Скабелка: “Тое ж, што і вам, ― з сайтаў”.
Не дачакаўшыся завяршэння трэнерскай нарады, Андрэй Скабелка выходзіць з будынка Федэрацыі і з’язджае. Аказалася, спецыяліст ведаў пра тое, што кантракт яму не працягнулі. Па сутнасці, ажыццявіць свае задумкі ён не толькі не змог, але і не меў магчымасці: пабыў трэнерам менш за год, хоць “бізнес-план” склаў на больш працяглы час.
Яўген Ворсін, сустрэўшыся з Гленам Хэнланам, паведамляе пра тое, што абмяркоўвалі дэталі кантракта. Выходзіць, што новым галоўным трэнерам зборнай будзе добра знаёмы нам канадзец. Пытанне ― у даце афіцыйнага абвяшчэння гэтай інфармацыі.
Праўда, ці палепшацца вынікі каманды пры канадцы ― гэта пытанне. Каго ні пастаў галоўным трэнерам, жыццядзейнасць беларускай хакейнай машыны (ці хакейнага самаката) залежыць не толькі ад яго.
Апошні дзень Андрэя Скабелкі (другі злева) на пасадзе
Андрэй Скабелка, не дачакаўшыся завяршэння трэнерскай нарады, спакойна з'язджае з месца падзеяў на чорнай "Таёце".