Як саўндтрэк да Пятага Усебеларускага сходу прайграў "Ліру"
Кажуць, святое месца пустым не бывае. Кастрычніцкая плошча перад пачаткам нацыянальнай музычнай прэміі "Ліра-2017" пустая і бязлюдная.
У запрашэнні напісана, што трэба прыйсці ў вячэрнім строі. Непакоюся за свае зімовыя чаравікі і гарчычны швэдар. Але потым бачу ў другім шэрагу двух дзяўчат у кепках. На сэрцы адразу робіцца лягчэй.
Міністр культуры Барыс Святлоў прамаўляе са сцэны пра тое, як выдатна, што ўсе мы тут сёння сабраліся, а потым спускаецца ў залу. Там яго ніхто не сустракае. Міністр нерашуча топчацца ў праходзе. Нарэшце, знаходзіць сваё месца і праціскаецца да яго, падымаючы людзей з крэслаў.
Маё месца нехта заняў, таму я заняў месца ў першым шэрагу. Мяне пакажуць па тэлевізары! Бачу, як шаноўнае журы спрабуе даць рады з нейкімі хітрымі пультамі. Першае ж галасаванне зацягваецца хвілін на пяць.
Наогул, усё не так ужо і дрэнна. Толькі трэба перастаць чапляцца да дэталяў. Калі нехта замест "вынік" ўвесь час кажа "рэзультат", што ў гэтым такога дрэннага? Тым больш, што ў тэлетрансляцыю гэта, відавочна, не ўвойдзе.
Намінанты "Ліры" спускаюцца ў залу з адмысловай зоны за амфітэатрам. Іду туды.
"Тут у бары ёсць танны каньяк", — сустракае мяне кліпмэйкер Макс Сіры.
Падыходзіць лідар J:Mopc Уладзімір Пугач і кажа тое ж самае. Нават шкада, што я ўжо чатыры гады не п'ю.
Уладзімір Пугач сумуе. Вось Віталік Артыст з "Без Білета", напрыклад, у чаканні вердыкту журы падае на калені перад камерай і працягвае рукі да неба. Яго прэ.
Хлопчыкі ў вузкіх белых штоніках паўгадзіны робяць сэлфі са статуэткай за лепшы стыль. Пугач на ўвесь гэты беспрасветны пазітыў глядзіць паблажліва. Але ў J:Mopc канцэрт 14 лютага. А трансляцыя "Ліры" па ОНТ будзе 12-га.
У Беларусі занадта мала музыкаў. Інакш як растлумачыць, што ў пары намінацый "Ліры" канкурсанты супалі з членамі журы? Спявак Анатоль Ярмоленка і кампазітар Алег Елісеенкаў высакародна выключылі сябе з ліку канкурсантаў.
Кампазітар Леанід Шырын высакародна выключыў сябе з журы.
Але Шырын усё адно не выйграў. Хоць і напісаў саўндтрэк да Пятага Усебеларускага народнага сходу. "Лепшым аўтарам музыкі" стала Алена Атрашкевіч. Чулі пра такую?
"Я сваю перамогу падзяляю з усім Саюзам кампазітараў Рэспублікі Беларусь, старшынёй якога я з'яўляюся!" — кажа Алена Арташкевич са сцэны. Ясна? Калі трошкі пагугліць, дык аказваецца, што Алена Уладзіміраўна — яшчэ і член Савета Рэспублікі.
Сустракаю яе на бэкстэйджы, гутарым пра беларускую акадэмічную музыку. Але я не магу не спытацца, ці ўплываюць рэгаліі канкурсантаў на рашэнне журы.
"А ведаеце, я ўжо ў трэці раз ўдзельнічаю ў гэтай прэміі, — адказвае яна. — А калі ў першы раз удзельнічала, нічога не выйграла!"
Песня J:Морс "Блізка" становіцца лепшай песняй года. Гэта песня на беларускай мове. Пры гэтым ёсць асобная намінацыя — лепшая песня на беларускай мове. У ёй песня J:Морс "Блізка" не перамагае. Не шукайце логікі, проста адпачывайце.
Шампанскае для артыстаў наліваюць з пластыкавых паўтарашак. Ды гэта і не шампанскае зусім, а нейкі напой "Бураціна".
За келіхам "Бураціна" Віталік Артыст кажа мне, што ўзровень прэміі расце.
У шорт-лісце намінацыі "Нашы за мяжой" — Дзмітрый Калдун, Б'янка і гурт IOWA. Але на цырымонію прыехаў толькі адзін з трох намінантаў. "Дзіма Калдун! Прывітанне, брат!" — заўважыўшы яго ў зале, крычыць са сцэны Саша Нэма. Як думаеце, хто ж пераможа ў намінацыі "Нашы за мяжой"?
"Калі я атрымаю перамогу, я зрэжу свой чуб", — не суцішваецца Саша Нэма. Хутка паглядзіце на Сашу без чуба — ён лепшы выканаўца году.
У "куток музыкаў" прыходзіць усё больш шаноўных людзей у швэдрах. Гэта больш смелыя гледачы зразумелі, што да зорак можна прыйсці не праз церні, а па лесвіцы Палаца Рэспублікі.
Іншыя людзі задоўга да канца канцэрта выходзяць з залы, баючыся чаргі ў гардэробе. Некаторыя выходзяць і бясстрашна затрымліваюцца ў буфеце.
— Запіць трэба што-небудзь? — Цікавіцца бармэн ў дзвюх шаноўных жанчын, якія лічаць грошы за стойкай.
— Не-е, — адказвае адна з іх. Іх кампаньён ў гэты час забірае са стойкі чарку гарэлачкі і два кілішкі каньяку. Таго самага, таннага.
Праз хвіліну яны прыходзяць па шакаладку.
Амаль у кожнага, хто стаіць на сцэне падчас фінальнай песні, ёсць дыплом і статуэтка.